Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 сакавіка падпісаў указ №107 "Аб біяметрычных дакументах". Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

У адпаведнасці з указам біяметрычныя дакументы ў краіне ўводзяцца з 1 верасня гэтага года. Іх выкарыстанне дазволіць аўтаматызаваць працэдуру ідэнтыфікацыі асобы, спрасціць праходжанне пашпартнага кантролю пры перасячэнні мяжы, будзе спрыяць развіццю электронных сэрвісаў.

У дакументы новага тыпу будзе ўбудавана мікрасхема, якая змяшчае фотавыяву, адбіткі пальцаў рук і іншыя персанальныя даныя ўладальніка.

Усяго з'явіцца 8 новых відаў дакументаў, якія змяшчаюць біяметрычныя даныя, у тым ліку ідэнтыфікацыйная карта грамадзяніна і біяметрычны пашпарт. За выдачу ідэнтыфікацыйнай карты спатрэбіцца заплаціць 1,5 базавай велічыні (1 БВ - Br29), біяметрычнага пашпарта - 2 БВ.

ID-карты плануецца выкарыстоўваць на тэрыторыі нашай краіны для пацвярджэння асобы ўладальніка. Біяметрычныя пашпарты спатрэбяцца для выезду за мяжу (калі грамадзянін не плануе такія паездкі, то атрымліваць гэты пашпарт не патрабуецца). Яго выраб магчымы толькі пры наяўнасці ў заяўніка ідэнтыфікацыйнай карты.

Таксама пашыраецца функцыянал дакументаў, якія сведчаць асобу. За кошт выкарыстання асабістага электроннага цыфравікага подпісу ідэнтыфікацыйная карта дазволіць здзяйсняць юрыдычна значныя дзеянні ў электронным выглядзе.

Абавязковай замены наяўных у насельніцтва пашпартоў на новыя біяметрычныя дакументы не плануецца. Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які дзейнічае ў цяперашні час, будзе выдавацца на ранейшых умовах.

Грамадзяне самастойна будуць вырашаць, які від дакумента, што сведчыць асобу, яны хочуць атрымаць (біяметрычныя дакументы альбо пашпарты дзеючага ўзору). Кошт афармлення дзеючых пашпартоў не зменіцца. Захоўваецца і магчымасць выезду за мяжу па гэтым дакуменце.

БЕЛТА