У рамках Беларускага тыдня прадпрымальніцтва Віцебскім аблвыканкамам сумесна з Віцебскім абласным камітэтам ГА “БРСМ“ пры падтрымцы ПРААН на базе КУП “Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Жамчужына“ Лепельскага раёна праводзіць II Бізнес-форум “Дзяржава і бізнес: партнёрства для ўстойлівага развіцця“
Ключавая тэма Бізнес-форуму: інавацыйнае і маладзёжнае прадпрымальніцтва.Форум праходзіць пры падтрымцы Праграмы развіцця ААН у Рэспубліцы Беларусь, якая аказваецца ў рамках Сумеснага праекта «Падтрымка намаганняў Рэспублікі Беларусь у нацыяналізацыі і лакалізацыі Мэт устойлівага развіцця», што фінансуецца Урадам Расійскай Федэрацыі.
Ганаровымі гасцямі Форуму сталі: - Анжаліка Нікіціна, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама - Міхаіл Кісялевіч, старшыня Лепельскага райвыканкама - Расул Багіраў, пастаянны каардынатар ААН у Беларусі - Жанна Нарыцына, першы сакратар Віцебскага абкама БРСМ
Першая частка II Бізнес-форуму «Дзяржава і бізнес» прайшла ў фармаце жывога нетворкінгу і практычных воркшопаў. Удзельнікі змаглі «прамацаць» прадпрымальніцтва з усіх бакоў на спецыяльна арганізаваных пляцоўках.
Зона праекта «100 ідэй для Беларусі»: тут можна ўбачыць будучыню ўжо сёння! На пляцоўцы сабраны рэальныя праекты таленавітых актывістаў БРСМ. Гэта — лепшыя бізнес-ідэі, інавацыйныя распрацоўкі і сацыяльныя ініцыятывы, якія змяняюць краіну да лепшага. Наведаўшы пляцоўку, пераконваешся, які магутны патэнцыял хаваецца ў нашай моладзі!
Пляцоўка «Ведаем. Беларусь»: тут можна праверыць, наколькі добра вы ведаеце геаграфію роднай краіны і прыняць удзел у займальным чэленджы — на хуткасць сабраць пазл карты Рэспублікі Беларусь. Гэта не толькі весела, але і сімвалічна: толькі разам, сабраўшы ўсе «часткі» агульнай справы, можна дамагчыся сапраўднага поспеху.
Такі фармат дазволіў кожнаму знайсці кропку ўваходу ў тэму прадпрымальніцтва, няхай гэта будзе дасведчаны кіраўнік або студэнт з першай бізнес-ідэяй.
Адкрываючы Форум, намеснік старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Анжаліка Нікіціна адзначыла:
- Гэта наш другі бізнес-форум «Дзяржава і бізнес. Партнёрства для ўстойлівага развіцця». Сённяшняе наша мерапрыемства адрозніваецца ад папярэдняга, таму што яно праходзіць не ў абласным цэнтры, а ў Лепельскім раёне. Неспроста гэты рэгіён выбраны для правядзення гэтага мерапрыемства, таму што, па-першае, ён сёння мае ўстойлівыя тэндэнцыі росту малога і сярэдняга бізнесу. Сёння рэгіён актыўна развіваецца, тут ёсць чым падзяліцца. Другое яго адрозненне – мы прысвяцілі яго моладзі: інавацыйнае і маладзёжнае прадпрымальніцтва. На сённяшні дзень наша моладзь сапраўды актыўная, прагрэсіўная, паспяховая, ідэйная, гатовая прапаноўваць любыя рашэнні для рэалізацыі не толькі ў сацыяльнай сферы, а мы бачым сёння вельмі шмат праектаў і ў рамках маладзёжнай ініцыятывы, і ў рамках 100 ідэй для Беларусі, і ў рамках рэальнага сектара эканомікі.
Форум – гэта прадуктыўны дыялог і яркія ўражанні!