16 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Бізнесмены з Расіі, Швецыі і Латвіі праявілі зацікаўленасць у рэалізацыі праектаў, прадстаўленых сёння на інвестыцыйным форуме ў Расонскім раёне, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Расонскага райвыканкама Віктар Юрашкевіч. Паводле яго слоў, агульнае знаёмства патэнцыйных інвестараў з праектамі, якія магчыма рэалізаваць у раёне, адбылося загадзя, таму сёння на форуме прыбылыя госці і ініцыятары прапаноў фактычна праводзілі двухбаковыя перамовы, абмяркоўваючы падрабязнасці здзелак і знаёмячыся з вытворчымі пляцоўкамі. Так, прадстаўнікі сумеснай беларуска-шведскай супольнасці з абмежаванай адказнасцю "Белцітан" наведалі базу адпачынку "Лясное". У найбліжэйшай будучыні яна можа ператварыцца ў прэстыжны бізнес-цэнтр, у якім для прадстаўнікоў дзелавых колаў будуць праводзіцца розныя семінары. Удзельнікі гэтых мерапрыемстваў змогуць сумясціць навучанне з камфортным адпачынкам і аздараўленчай праграмай. На рэалізацыю праекта шведскія бізнесмены плануюць накіраваць больш за $1 млн. Прадстаўнікі кампаніі "ВСМ Холдынг" з Санкт-Пецярбурга дэталёва вывучалі праект прыватнага вытворчага унітарнага прадпрыемства "Уладзімір і Даніла", накіраваны на пашырэнне вытворчай базы і павелічэнне аб'ёму вытворчасці замарожаных дзікарослых і садовых ягад і грыбоў. Інвестары яшчэ адной кампаніі з гэтага ж горада знаёміліся з перспектывамі мясцовага цагельнага завода (філіял Абольскага керамічнага завода). Адразу два інвестпраекты зацікавілі гасцей з Латвіі: магчымасць арганізацыі на вольнай пляцоўцы прыватнага унітарнага прадпрыемства "Эфект" вытворчасці па паглыбленай перапрацоўцы драўніны і стварэння круглагадовага аздараўленча-турыстычнага лагера для дзяцей і падлеткаў на базе Горбачаўскай дзяржаўнай базавай агульнаадукацыйнай школы-сада. "Дакументальна аформіць намеры аб супрацоўніцтве па гэтых праектах плануецца ў найбліжэйшы час, пасля поўнага абмеркавання ўсіх дэталяў зацікаўленымі бакамі", - дадаў Віктар Юрашкевіч. Рэгіёны Віцебскай вобласці актыўна выкарыстоўваюць вопыт удзелу ў абласных інвестыцыйных форумах для прасоўвання сваіх прапаноў і пошуку інвестараў. Практычна ўсе раёны вобласці ў бягучым годзе правялі прэзентацыі сваіх інвестыцыйных праектаў для замежных бізнесменаў. З студзеня па верасень такіх форумаў прайшло 28, а да канца года плануецца правесці яшчэ 14.-0-