24 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія дэпутаты падчас пазачарговай, 5-й сесіі разгледзяць праект бюджэту Беларусі на 2011 год. Аб ходзе падрыхтоўкі да сесіі 24 жніўня Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнку праінфармаваў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы. Па словах Уладзіміра Андрэйчанкі, дэпутатам трэба будзе разгледзець шэраг важных законапраектаў, якія будуць вызначаць жыццядзейнасць краіны і рост дабрабыту людзей у 2011 годзе. У прыватнасці, гаворка ідзе пра праект бюджэту краіны на 2011 год. У цэлым ён будзе мець сацыяльную накіраванасць. Значныя сродкі выдзяляюцца на павышэнне ў наступным годзе заработнай платы, пенсій, стыпендый, дапамог, больш чым на 30% будуць павялічаны выдаткі на сферу аховы здароўя, вялікія сродкі плануецца накіраваць на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. Акрамя таго, дэпутатам трэба будзе разгледзець блок пытанняў, які тычыцца змяненняў у падатковым заканадаўстве. Так, плануецца ўнясенне змяненняў у Падатковы кодэкс, што звязана з спрашчэннем у краіне падатковай сістэмы і зніжэннем падатковай нагрузкі на прадпрыемствы. У прыватнасці, прадугледжваецца, што ў наступным годзе будуць адменены падатак на паслугі, збор на развіццё інфраструктуры, перагледжаны каэфіцыенты да ставак зямельнага падатку, падатку на нерухомасць, спрашчэнне працэдуры выплаты падатку на дададзеную вартасць, а таксама падатку на прыбытак. Як адзначыў Уладзімір Андрэйчанка, усё гэта накіравана на павышэнне інвестыцыйнай прывабнасці Беларусі і стварэнне перадумоў для больш актыўнага развіцця прадпрымальніцтва ў краіне. Падчас сустрэчы гаворка ішла таксама аб падрыхтоўцы да чарговай, 6-й сесіі Палаты прадстаўнікоў, якая адкрыецца 4 кастрычніка. На разгляд дэпутатаў паступіла 49 законапраектаў. Найважнейшыя з іх - гэта Кодэкс аб адукацыі, Жыллёвы кодэкс, закон аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб і шэраг іншых. У лістападзе ў Палаце прадстаўнікоў будуць праведзены парламенцкія слуханні па законапраекце аб дзяржаўнай інавацыйнай палітыцы, даручэнне аб падрыхтоўцы якога было дадзена кіраўніком дзяржавы ў Пасланні беларускаму народу і парламенту. На сустрэчы разгледжаны і іншыя пытанні, у прыватнасці, якія тычацца міжнароднай дзейнасці Палаты прадстаўнікоў, працы дэпутатаў у выбарчых акругах.-0-

БЕЛТА