Бюджэт пражытачнага мінімуму з 1 мая ў Беларусі павышаны на 15,6% да Br343 тыс. 260
4.5.20110 праглядаў
4 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі зацверджаны новы бюджэт пражытачнага мінімуму, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе ўрада.
Пастановай Саўміна №553 ад 28 красавіка бягучага года зацверджаны бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва і па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах у цэнах сакавіка бягучага года ў разліку на адзін месяц. Перыяд дзеяння гэтых сацыяльных нарматываў - з 1 мая па 31 ліпеня 2011 года.
Так, бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва з мая складае Br343 тыс. 260. Для працаздольнага насельніцтва БПМ устаноўлены ў памеры Br373 тыс. 260, для пенсіянераў - Br294 тыс. 210, для дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў - Br289 тыс. 430, для дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў - Br366 тыс. 220, для дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў - Br377 тыс. 730, для дзяцей-студэнтаў - Br342 тыс. 370.
Новы БПМ павысіўся на 15,6% да нарматыву, які дзейнічаў з 1 лютага па 30 красавіка 2011 года (складаў Br296 тыс. 870).
Адпаведна з мая на 15,6% вырастуць памеры дзяржаўных дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей. Будуць павялічаны памеры сацыяльных пенсій, а таксама надбаўкі і павышэнні, устаноўленыя да пенсій асобных катэгорый пенсіянераў.
Структура бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва ў цэнах сакавіка 2011 года па артыкулах расходаў наступная: прадукты харчавання - 57%, плата за карыстанне жылым памяшканнем і камунальныя паслугі - 14,6%, прадметы гардэроба - 16,4%, бытавыя і транспартныя паслугі - 5,6%; тавары бытавога і гаспадарчага прызначэння - 3,9%; унёскі і плацяжы - 0,8%; прадметы першай неабходнасці, санітарыі і лекі - 1,8%.
Бюджэт пражытачнага мінімуму штоквартальна зацвярджаецца ўрадам у цэнах апошняга месяца кожнага квартала. У адпаведнасці з законам "Аб пражытачным мінімуме ў Рэспубліцы Беларусь" БПМ прызначаны для аналізу і прагназавання ўзроўню жыцця насельніцтва, аказання дзяржаўнай сацыяльнай дапамогі малазабяспечаным грамадзянам (сем'ям), абгрунтавання мінімальных дзяржаўных сацыяльна-працоўных гарантый. БПМ уяўляе сабой вартасную велічыню мінімальнага набору матэрыяльных даброт і паслуг, неабходных для забеспячэння жыццядзейнасці чалавека і захавання яго здароўя, а таксама абавязковыя плацяжы і ўнёскі.
Бюджэт пражытачнага мінімуму для працаздольнага насельніцтва ўжываецца для вызначэння сумы ўтрымання сродкаў з наймальнікаў, якія маюць запазычанасць па выплаце заработнай платы, і базавага гранічнага нарматыву тарыфнай стаўкі першага разраду для камерцыйных арганізацый дзяржаўнай формы ўласнасці і з доляй уласнасці дзяржавы ў іх маёмасці.-0-
БЕЛТА