Новы памер бюджэту пражытачнага мінімуму зацверджаны пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 23 кастрычніка 2019 года №50, паведамілі БЕЛТА ў Мінпрацы і сацабароне.

З 1 жніўня 2019 года бюджэт пражытачнага мінімуму ў Беларусі складаў Br230,91. З пачатку лістапада ён вырасце да Br231,83 і будзе дзейнічаць па 31 студзеня 2020 года. Для розных груп насельніцтва сума будзе розная. Для працаздольнага насельніцтва бюджэт пражытачнага мінімуму складзе Br257,86, пенсіянераў - Br177,79, студэнтаў - Br224,8, дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў - Br149,63, дзяцей ад 3 да 6 гадоў - Br205,16, дзяцей ад 6 да 18 гадоў - Br251,19.

Павелічэнне бюджэту пражытачнага мінімуму звязана ў першую чаргу з ростам коштаў на харчовыя тавары. Ён устанаўліваецца для кожнай групы насельніцтва розны, у адпаведнасці з нормамі спажывання прадуктаў харчавання і затрат на харчовыя тавары.

Разам з бюджэтам пражытачнага мінімуму павялічацца і мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі, надбаўкі і павышэнні асобным катэгорыям пенсіянераў. Вырастуць даплаты для асоб ва ўзросце 75 гадоў і старэй, якія атрымліваюць пенсіі ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Больш стануць дапамогі па доглядзе за інвалідам першай групы або за чалавекам, які дасягнуў 80-гадовага ўзросту, вырастуць дзярждапамогі на дзяцей.

Бюджэт пражытачнага мінімуму як сацыяльны нарматыў прызначаецца для аналізу і прагназавання ўзроўню жыцця насельніцтва, аказання дзяржаўнай сацыяльнай дапамогі малазабяспечаным грамадзянам (сем'ям), абгрунтавання мінімальных дзяржаўных сацыяльна-працоўных гарантый.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)