Бюджэт пражыткавага мінімуму з 1 лістапада складзе ў Беларусі Br283 тыс. 50
27.10.20100 праглядаў
27 кастрычніка, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. Урад Беларусі зацвердзіў бюджэт пражытачнага мінімуму (БПМ) у сярэднім на душу насельніцтва і па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах у цэнах верасня 2010 года ў разліку на адзін месяц. Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў №1567 ад 26 кастрычніка бягучага года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Апараце Савета Міністраў. Перыяд дзеяння гэтага сацыяльнага нарматыву - з 1 лістапада бягучага года па 31 студзеня 2011 года.
Бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва з лістапада складзе Br283 тыс. 50. Для працаздольнага насельніцтва БПМ устаноўлены ў памеры Br302 тыс. 490, для пенсіянераў - Br252 тыс. 230, для дзяцей-студэнтаў - Br302 тыс. 950, для дзяцей ва ўзросце ад 3 да 16 гадоў - Br345 тыс. 380, для дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў - Br251 тыс. 830.
Як адзначылі ў аддзеле комплексных праблем развіцця сацыяльна-працоўнай сферы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, новы БПМ павысіўся на 3,1% да БПМ, які дзейнічае з 1 жніўня па 31 кастрычніка (складае Br274 тыс. 510).
З лістапада на 3,1% вырастуць памеры дзяржаўных дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей. Будуць адпаведна павялічаны памеры сацыяльных пенсій, а таксама надбаўкі і павышэнні, устаноўленыя да пенсій асобных катэгорый пенсіянераў.
Бюджэт пражытачнага мінімуму зацвярджаецца ўрадам штоквартальна ў цэнах апошняга месяца кожнага квартала. У адпаведнасці з законам "Аб пражытачным мінімуме ў Рэспубліцы Беларусь" ён прызначаны для аналізу і прагназавання ўзроўню жыцця насельніцтва, аказання дзяржаўнай сацыяльнай дапамогі малазабяспечаным грамадзянам (сем'ям), абгрунтавання мінімальных дзяржаўных сацыяльна-працоўных гарантый. БПМ выкарыстоўваецца для ацэнкі ўзроўню даходаў насельніцтва, памераў аплаты працы, пенсій, дапамог і іншых сацыяльных выплат, вызначэння ўзроўню і маштабаў малазабяспечанасці.
БПМ уяўляе сабой вартасную велічыню мінімальнага набору матэрыяльных даброт і паслуг, неабходных для забеспячэння жыццядзейнасці чалавека і захавання яго здароўя, а таксама абавязковыя плацяжы і ўнёскі.
Структура бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва ў цэнах верасня 2010 года па артыкулах расходаў наступная: прадукты харчавання – 54%; плата за карыстанне жылым памяшканнем і камунальныя паслугі – 16%; прадметы гардэроба – 17,4%; бытавыя і транспартныя паслугі – 6,6%; тавары бытавога і гаспадарчага прызначэння – 3,3%; унёскі і плацяжы – 0,5%; прадметы першай неабходнасці, санітарыі і лекі – 2,2%.
Бюджэт пражытачнага мінімуму для працаздольнага насельніцтва прымяняецца для вызначэння сумы ўтрымання сродкаў з наймальнікаў, якія маюць запазычанасць па выплаце заработнай платы, і базавага гранічнага нарматыву тарыфнай стаўкі першага разраду для камерцыйных арганізацый дзяржаўнай формы ўласнасці і з доляй уласнасці дзяржавы ў іх маёмасці.-0-
БЕЛТА