9 ліпеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Аб'ём бюджэтнага фінансавання міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" ў 2010 годзе павялічаны амаль на Br430 млн. у параўнанні з 2009 годам і дасягнуў Br2,5 млрд. Пра гэта паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі міністр культуры Беларусі Павел Латушка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Павелічэнне памеру выдзеленых фінансавых сродкаў звязана з новай сцэнаграфіяй Летняга амфітэатра, растлумачыў міністр. Ён выказаў упэўненасць у тым, што дзякуючы найноўшым тэхналогіям успрыманне фестывалю і гледачамі, і ўдзельнікамі будзе больш яркім.
Павел Латушка прызнаў, што на пасяджэннях аргкамітэта былі сур'ёзныя дыскусіі з нагоды праграмы сёлетняга фестывалю. І ўсё ж прынята рашэнне захаваць традыцыйныя падыходы. Гэта Дні культуры Беларусі, Расіі. Украіны, горада Масквы, гала-канцэрты адкрыцця і закрыцця фестывалю, конкурс выканаўцаў эстраднай песні, дзіцячы музычны конкурс, сольныя канцэрты вядомых выканаўцаў. Асаблівасцю сёлетняга фестывалю з'яўляецца выкарыстанне дадатковай канцэртнай пляцоўкі - плошчы Перамогі ў абласным цэнтры, на якой адбудуцца два канцэрты, у асноўным для моладзевай аўдыторыі.
Міністр паведаміў, што сёння на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця фестывалю мастацтваў ордэн Францыска Скарыны будзе ўручаны нашаму земляку Юрыю Антонаву. Адбудзецца і ўручэнне прэмій Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2009-2010 гады.
"Яркім чакаецца прадстаўленне беларускай культуры ў рамках фестывалю, - сказаў Павел Латушка. - Беларускія артысты прымуць удзел у цырымоніях адкрыцця і закрыцця фестывалю, Дне Саюзнай дзяржавы і, безумоўна, Дне культуры Беларусі (ён будзе прысвечаны памяці Уладзіміра Мулявіна)".
Віцебск сёлета прымае больш за 5 тыс. удзельнікаў і гасцей з 14 краін, акрэдытавана звыш 500 прадстаўнікоў СМІ з 11 краін.
Міністр культуры выказаў удзячнасць кіраўніцтву Віцебскага аблвыканкама і гарвыканкама за выдатную падрыхтоўку да фестывалю.-0-
БЕЛТА
Бюджэтнае фінансаванне "Славянскага базару ў Віцебску" ў 2010 годзе павялічана на Br430 млн.
9.7.20100 праглядаў