26 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Бюджэтныя пазыкі, якія выдзяляюцца на рэалізацыю Дзяржаўнай праграмы садзейнічання занятасці насельніцтва Беларусі, павінны накіроўвацца толькі на стварэнне высокатэхналагічных працоўных месцаў. Пра гэта заявіў сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама першы намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Навацкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. На стварэнне працоўных месцаў у вобласці накіроўваюцца значныя сродкі. Так, у 2011 годзе наймальнікам для гэтых мэт аблвыканкам выдзеліў бюджэтныя пазыкі ў памеры Br7,5 млрд. Між тым у большасці выпадкаў гэтыя рэсурсы выкарыстоўваюцца неэфектыўна: набываецца састарэлае абсталяванне і сыравіна, у выніку чаго фактычна праца зводзіцца да стварэння часовых месцаў. У якасці прыкладаў прагучалі прадпрыемствы ў Аршанскім і Сенненскім раёнах. "Калі б гэтыя сродкі сапраўды накіроўваліся туды, куды трэба, у нас бы ўжо ўсе прадпрыемствы былі мадэрнізаваны. А атрымліваецца: купляюць сыравіну, а скончылася - усё, працоўнага месца няма", - канстатаваў Уладзімір Навацкі. Ён падкрэсліў, што неабходна ствараць высокапрадукцыйныя працоўныя месцы, каб яны доўга і эфектыўна існавалі, і людзі маглі атрымліваць высокую зарплату. Уладзімір Навацкі акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў пасяджэння на неабходнасці ствараць камфортныя ўмовы працы для работнікаў, працаваць па гэтым пытанні з наймальнікамі. "Неабходна ў корані перагледзець сваё стаўленне да людзей. Калі мы не будзем гэтым займацца, то не дасягнем пастаўленых мэт", - падкрэсліў ён. Паводле яго слоў, праца па рэалізацыі дзяржпраграмы садзейнічання занятасці насельніцтва праводзіцца вялікая, але недахопы ёсць у кожным рэгіёне вобласці. Паводле даных старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Хрыстафорава, у 2011 годзе сітуацыя на рынку працы вобласці заставалася стабільнай, кантраляванай і кіраванай. На 1 студзеня 2012 года ўзровень беспрацоўя склаў 0,8% колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва і знізіўся ў параўнанні з аналагічнай датай папярэдняга года на 0,1 працэнтнага пункта. Колькасць беспрацоўных зменшылася на 20,3% і склала каля 4,3 тыс. чалавек.