Акцыя міласэрнасці "Белая кветка" аб'яднае сёння віцябчан і гасцей горада, паведамілі БЕЛТА ў Віцебскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы.
Удзел у мерапрыемстве прымуць храмы і нядзельныя школы Віцебска і яго раёнаў, установы асноўнай і дадатковай адукацыі горада, рамеснікі, прафесійныя і аматарскія творчыя калектывы. Месцам яе правядзення стануць пляцоўкі каля Свята-Успенскага сабора, гандлёва-забаўляльных цэнтраў "Марка-Сіці", "Грын", "Карона". З 11.00 да 16.00 тут разгорнуцца дабрачынныя кірмашы вырабаў ручной работы, пройдуць канцэрты. Арганізатары абяцаюць забавы, конкурсы, майстар-класы для дзяцей і дарослых.
Сродкі, сабраныя падчас акцыі, будуць накіраваны на аплату рэабілітацыйных курсаў віцябчан - чатырохгадовага Андрусёнка Рамана і 11-гадовага Райскага Яраслава.
"Ранейшае лячэнне дае вынікі, але спыняцца нельга! Гэтым дзецям можна дапамагчы і зрабіць іх жыццё і жыццё іх бацькоў значна лягчэйшым і шчаслівейшым. "Белая кветка" - цудоўная магчымасць стаць часткай агульнай добрай справы і ўласным прыкладам навучыць дзяцей спачуванню і неабыякавасці", - падкрэсліваюць у епархіі.
Акцыя "Белая кветка" накіравана на прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблем цяжка хворых дзяцей і іх бацькоў, збор сродкаў для дапамогі такім дзецям, фарміраванне практычных навыкаў дабрачыннасці, прадастаўленне магчымасці сацыяльна актыўным жыхарам і гасцям горада аб'яднацца праз сумесную творчую дзейнасць і рэалізаваць назапашаны патэнцыял. Сваімі каранямі яна сыходзіць да пачатку ХХ стагоддзя. У той час яе мэтай быў збор сродкаў на барацьбу з туберкулёзам. Сімвалам акцыі з'яўляецца белая кветка, якая раздаецца ўсім жадаючым за добраахвотнае ахвяраванне. У Віцебску яна праходзіла ў 2016-2018 гадах.-0-