Інтэрактыўная дабрачынная анлайн-акцыя "Запалім зоркі разам" стартавала сёння на сайце "SOS-Дзіцячыя вёскі", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў арганізацыі.

На віртуальным небасхіле жаданняў (www.sos-villages.by/new-year) кожны можа "запаліць" сваю чароўную зорку, напісаўшы пажаданне і зрабіўшы ахвяраванне любой сумы або аформіўшы рэгулярную дапамогу дзецям, якія маюць патрэбу ў любові і клопаце. У акцыі ўжо прынялі ўдзел дзясяткі чалавек. Убачыць добрыя пажаданні неабыякавых беларусаў можна на віртуальным небасхіле.

Акцыя прымеркавана да Новага года і Каляд. "Запаліць" сваю зорку можна будзе да канца студзеня 2020 года.

Мерапрыемства праводзіцца другі год запар. У мінулым годзе да акцыі далучыліся сотні чалавек. Частка з іх падтрымала дзяцей разавым ахвяраваннем, хтосьці аформіў падпіску. Зробленае пад Новы год дабро прыносіла цяпло і ўсмешкі падапечным SOS-Дзіцячых вёсак на працягу ўсяго 2019 года.

SOS-Дзіцячыя вёскі ў Беларусі ўжо 28 гадоў клапоцяцца аб тым, каб кожнае дзіця расло ў сям'і, у атмасферы любові і павагі. На сённяшні дзень у трох SOS-Дзіцячых вёсках і двух SOS-Маладзёжных дамах Беларусі пад апекай і на суправаджэнні знаходзяцца 304 дзіцяці-сіраты. Акрамя гэтага арганізацыя працуе над прадухіленнем сацыяльнага сіроцтва, дапамагае дзецям з анкагематалагічнымі захворваннямі, жанчынам і дзецям, пацярпелым ад хатняга гвалту, маладым маці з маленькімі дзецьмі. Штогод каля 4 тыс. дзяцей у цяжкай жыццёвай сітуацыі атрымліваюць дапамогу і падтрымку.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)