27 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Комплекс дабрачынных мерапрыемстваў для бяздомных пройдзе ў Віцебскай вобласці напярэдадні Новага года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні ідэалагічнай работы Віцебскага аблвыканкама. Па даручэнні старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Косінца на бягучым тыдні ва ўсіх рэгіёнах вобласці клопатам і ўвагай мясцовых органаў улады будуць ахоплены не толькі дзеці, малазабяспечаныя катэгорыі жыхароў, адзінокія пажылыя людзі, але і асобы без пэўнага месца жыхарства. Усіх бяздомных вызначаць у месцы часовага знаходжання (аддзяленні начнога знаходжання і медустановы), правядуць медыцынскае абследаванне, будуць прыняты меры па забеспячэнні гэтых людзей гарачым харчаваннем, адзеннем, супрацоўнікі міліцыі акажуць ім дапамогу ў пошуку сваякоў і аднаўленні дакументаў. Усяго ў Віцебскай вобласці зарэгістравана каля 80 асоб без пэўнага месца жыхарства, пры гэтым большасць з іх - каля 50 чалавек - знаходзяцца ў абласным цэнтры, паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Пранько. Прафілактычныя мерапрыемствы з гэтай катэгорыяй асоб праводзяцца ў вобласці рэгулярна: большасць з іх ужо пашпартызаваны і стаяць на ўліку ў органах міліцыі. У Віцебску і Оршы для бяздомных дзейнічаюць аддзяленні начнога знаходжання.-0-

БЕЛТА