1 сакавіка, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Семінар для прадпрымальнікаў, дабрачынны кірмаш і паказ модных калекцый чакаюць гасцей міжрэгіянальнай універсальнай выставы-кірмашу "Індустрыя прыгажосці". Выстава адкрываецца сёння і працягнецца да 3 сакавіка, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным цэнтры маркетынгу.
Арганізатары трохдзённага марафону прыгажосці спадзяюцца прыцягнуць увагу спажыўцоў да новых відаў тавараў і паслуг, стварыць пакупнікам дадатковыя магчымасці для знаёмства з асартыментам тавараў і паслуг, прадстаўленых на беларускім рынку. Да ўдзелу ў кірмашы запрошаны не толькі прадпрыемствы гандлю. На ёй будуць працаваць тыя, хто дыктуе модныя тэндэнцыі, - мадэльеры-дызайнеры і тыя, хто дапамагае жанчынам стаць яшчэ прыгажэйшымі, - цырульнікі і візажысты. Яны прымуць удзел у першым у Беларусі чэмпіянаце па нарошчванні павек, які адбудзецца 2 сакавіка.
У гэтым перадсвяточным кірмашы знойдзецца месца і дзелавым мерапрыемствам. Прадпрымальнікі атрымалі запрашэнне на ўдзел у семінары, дзе пройдзе майстар-клас па франчайзінгу, адбудзецца прэзентацыя аб'ектаў невыкарыстоўваемай дзяржаўнай нерухомасці, якая можа быць прададзена або перададзена бізнесменам пад рэалізацыю праектаў.
Удзельнікамі выставы таксама стануць выхаванцы наваполацкага і віцебскага сацыяльна-педагагічных цэнтраў. Да 8 Сакавіка яны вырабілі паштоўкі, вырабы і сувеніры, якія будуць прадавацца на дабрачынным кірмашы.
Арганізатарамі выставы з'яўляюцца Віцебскі гарадскі выканаўчы камітэт і Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу.-0-