22 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Адрэмантаваныя вуліцы, добраўпарадкаваныя двары і мільёны кветак паднесе Віцебск сваім гараджанам і гасцям да XXII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Комплекс мерапрыемстваў па падрыхтоўцы горада да фестывалю зацверджаны сёння на пасяджэнні Віцебскага гарвыканкама, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

За час правядзення фестывалю Віцебск заваяваў аўтарытэт гасціннага гаспадара і павінен зрабіць усё, каб узровень арганізацыі свята мастацтваў заставаўся такім жа высокім, падкрэсліў першы намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Алег Меркушаў. У план падрыхтоўкі абласнога цэнтра да "Славянскага базару" ўключана амаль 200 мерапрыемстваў: ад святочнага афармлення цэнтральных вуліц да добраўпарадкавання дваровых тэрыторый на ўскраінах.

Як адзначыў першы намеснік генеральнага дырэктара УКВП "Віцебскае гарадское ЖКГ" Мікалай Дрыленка, значныя сродкі ў гэтым годзе накіроўваюцца на рамонт вулічнай дарожнай сеткі. Дарожнікам выдзелена Br23 млрд., якія ў першую чаргу будуць накіраваны на рамонт вуліц на перыферыі і ў прыватным сектары. На капітальны і бягучы рамонты 145 дваровых тэрыторый прадугледжана Вr8 млрд. У святочным афармленні горада асаблівая роля ў гэтым годзе будзе адведзена зялёным насаджэнням: два мільёны кветак, 20 тыс. кустоўяў упрыгожаць Віцебск да фестывалю.

Значныя работы плануецца правесці на аб'ектах культуры, дзе пройдуць фестывальныя мерапрыемствы, працягнецца абнаўленне аб'ектаў грамадскага харчавання, гасцініц. Госці будуць пражываць у васьмі гасцініцах, пяці інтэрнатах, загарадным аздараўленчым комплексе. Разам з кафэ і рэстаранамі ў месцах масавых мерапрыемстваў будуць працаваць больш за паўтысячы аб'ектаў дробнааптовага гандлю.-0-