20 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за 1 тыс. артыстаў будуць задзейнічаны ў мерапрыемствах Дня пісьменства ў Глыбокім, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Глыбоцкім райвыканкаме.
Артысты прафесійных і самадзейных творчых калектываў Глыбоцкага раёна і Віцебскай вобласці будуць задзейнічаны ва ўсіх культурных мерапрыемствах, якія пройдуць у дні свята, 1-2 верасня, у Глыбокім. Пры гэтым найбольшая колькасць яркіх і запамінальных падзей з іх непасрэдным удзелам адбудзецца 2 верасня. У гэты дзень на ўсіх галоўных вуліцах і канцэртных пляцоўках горада разгорнуцца шматлікія тэматычныя падворкі і тракты.
Так, вуліца Леніна ператворыцца ў Альгердаў тракт. Шматлікіх гасцей свята на ім будуць вітаць Альгерд, мясцовыя магнаты Корсак і Зеновіч, прадстаўнікі Глыбоцкага, Полацкага і Смаленскага пасадаў. Яны раскажуць пра гісторыю сваіх родных мясцін, запросяць прыняць удзел у рыцарскім турніры і традыцыйных шляхецкіх забавах.
У дзіцячым гарадку "Брыгаціна" каля возера Кагальнае пройдзе свята для самых юных жыхароў Глыбокага "Разам з кнігай мы расцём", якое дазволіць дзецям раскрыць творчыя здольнасці ў конкурсе малюнкаў на асфальце, прадэманстраваць веды пра Глыбокае ў інтэлектуальным турніры, пазнаёміць у літаратурнай гасцінай "Голасам душы і сэрца" з творамі сваіх любімых аўтараў.
На падворку "На прывале" усе жадаючыя змогуць пакаштаваць салдацкай кашы і пачуць песні ваенных гадоў. Асаблівым каларытам прыцягнуць увагу гасцей тракты "Шчодрыца" з удзелам сельсаветаў Глыбоцкага раёна, турыстычны, спартыўны, нацыянальных культур, падворак тэатральны "На прызбе ў дзядзькі Ігната", тракт "Ад агню да пяра". Апошні пазнаёміць з развіццём пісьменства ад першабытнаабшчыннага ладу да нашых дзён, старажытнымі метадамі здабычы агню. Тут жа будзе працаваць дзіцячае выдавецтва "З мінулага ў будучыню" і майстэрня па перапісцы кніг.
Насычаная праграма работы падворкаў і трактоў уключае цэлы шэраг цікавых праектаў, якія абавязкова знойдуць свайго гледача і пакінуць масу самых прыемных уражанняў, падкрэслілі ў райвыканкаме.-0-
БЕЛТА
Больш за 1 тыс. артыстаў будуць задзейнічаны ў мерапрыемствах Дня пісьменства ў Глыбокім
20.8.20120 праглядаў