31 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за 1 тыс. чалавек былі задзейнічаны ў комплексным вучэнні "Дзеянні органаў кіравання, сіл ГСНС і ГА пры пагрозе ўзнікнення і ўзнікненні надзвычайных сітуацый у мірны і ваенны час" у Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным упраўленні МНС.
Вучэнні праводзіліся ў Віцебску з 29 жніўня. За гэтыя дні непасрэдны ўдзел у ім прынялі больш за 1 тыс. работнікаў 45 устаноў адукацыі, аховы здароўя, сілавых структур, органаў улады, розных прадпрыемстваў горада. Таксама было задзейнічана звыш 70 адзінак тэхнікі.
Так, супрацоўнікі медустаноў выконвалі заданне па лакалізацыі і ліквідацыі ўспышкі халеры, выяўленай у гарадской паліклініцы №3, на базе гарадской бальніцы №1 разгортвалі шматпрофільную бальніцу ГА для масавага прыёму пацярпелых. У ліку апошніх апынуліся работнікі Віцебскага халадкамбіната, дзе "адбыўся" выкід 3 т аміяку. На базе ААТ "Кераміка" адпрацоўваліся дзеянні па ліквідацыі пажару з пашкоджаннем газаправода. Супрацоўнікі ЖКГ і іншых зацікаўленых ведамстваў выконвалі тэарэтычныя заданні па ліквідацыі наступстваў праходжання штармавога фронту, які пашкодзіў 20% жылога сектара горада і прынёс шэраг іншых разбурэнняў, а таксама выконвалі практычныя заданні па ўборцы аварыйных дрэў.
Вынікі правядзення вучэння падвядуць сёння кіраўнікі ўсіх зацікаўленых ведамстваў і службаў на пасяджэнні ў Віцебскім гарвыканкаме, падчас якога таксама будзе дадзена ацэнка працы віцебскага гарадскога звяна тэрытарыяльнай абароны.-0-
БЕЛТА
Больш за 1 тыс. чалавек прынялі ўдзел у комплекснай адпрацоўцы дзеянняў пры НС у Віцебску
31.8.20120 праглядаў