Працягласць гандлёвых радоў на "Славянскім базары ў Віцебску" сёлета складзе больш за 10 км. Пра гэта паведаміў сёння на выязным пасяджэнні арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні форуму старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Мікалайкін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Па словах мэра, у дні фестывалю гандлёвыя рады, дзе будуць працаваць больш за 100 індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб з усёй краіны, размесцяцца на 17 пляцоўках. Схема размяшчэння аб'ектаў уключае плошчу Свабоды, вуліцы Пушкіна, Талстога, Суворава, Леніна, парк Пераможцаў, культурна-гістарычны комплекс "Залатое кальцо горада Віцебска "Дзвіна". Сваю прадукцыю гасцям і ўдзельнікам фестывалю прапануюць каля 300 нестацыянарных гандлёвых аб'ектаў і летніх кафэ, якія працуюць у фармаце кірмаша.

Навацыя гэтага года - афармленне гандлёвых павільёнаў у адзіным стылі - ацаніў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка. "Гэта правільна, але трэба ісці далей: ставіць павільёны ў шкле, якія будуць больш годна і эстэтычна выглядаць. Неабходна ўдасканальвацца", - адзначыў віцэ-прэм'ер.

У Віцебску сёння адбылося выязное пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні "Славянскага базару" з удзелам намесніка прэм'ер-міністра Ігара Петрышэнка. Яго ўдзельнікі наведалі ключавыя аб'екты форуму, у тым ліку выставачны зал "Духоўскі круглік" і Летні амфітэатр, дзе азнаёміліся з гатоўнасцю галоўнай сцэнічнай пляцоўкі горада і ўмовамі для артыстаў.

Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 8 па 17 ліпеня. Урачыстая цырымонія і гала-канцэрт адкрыцця адбудуцца ў Летнім амфітэатры 11 ліпеня, закрыцця - 15 ліпеня. Дадатковыя мерапрыемствы запланаваны на 8-10 і 16-17 ліпеня.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)