14 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за 100 парушэнняў тэмпературнага рэжыму выяўлена на прадпрыемствах і ў арганізацыях Віцебскай вобласці за два тыдні, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама. Маніторынг за выкананнем камфортных умоў працы ў перыяд паніжаных тэмператур праводзіцца па распараджэнні старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Косінца з канца студзеня. За мінулы час мабільнымі групамі ў складзе работнікаў сістэмы камітэта, Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, гар- і райвыканкамаў праверана 454 арганізацыі, абследаваны амаль 1,4 тыс. будынкаў, цэхаў, збудаванняў і аб'ектаў, у якіх размешчана 5,8 тыс. працоўных месцаў. У ходзе праверак выяўлена 106 фактаў парушэння тэмпературнага рэжыму, па кожным з якіх прыняты меры рэагавання: выдадзена 93 прадпісанні, складзена 68 пратаколаў па адміністрацыйных парушэннях, на вінаватых асоб накладзена 59 штрафаў на агульную суму больш за Br14 млн. Акрамя таго, у ходзе праверак выяўлены каля 1,6 тыс. іншых парушэнняў, а таксама 10 работнікаў, якія знаходзіліся на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап'янення. Маніторынг будзе ажыццяўляцца да 25 лютага. Падчас працы мабільных груп садзейнічанне ў выяўленні парушэнняў тэмпературнага рэжыму аказваюць таксама дзяржінспектары працы, увага якіх перш за ўсё накіравана на арганізацыі аграпрамысловага комплексу і будаўнічай галіны. За мінулы перыяд імі праверана больш за 100 арганізацый дадзеных сфер. У 30% прадпрыемстваў былі выяўлены парушэнні ўмоў працы і выдачы сродкаў індывідуальнай абароны (спецадзення і абутку для абароны ад паніжаных тэмператур), дадаў першы намеснік начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення дэпартамента дзяржінспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Сяргей Ануфрыеў.-0-

БЕЛТА