8 лютага, Мінск /Лілія Крапівіна - БЕЛТА/. Больш за 100 праектаў малога бізнесу ўвайшлі ў дзяржаўныя эканамічныя праграмы Беларусі. Пра гэта заявіў сёння журналістам дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Аляксандр Ліхачэўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Бізнес Беларусі дастаткова актыўна ўдзельнічае ў новых дзяржпраграмах, якія рэалізуюцца ў цяперашняй пяцігодцы, адзначыў Аляксандр Ліхачэўскі. У мінулым годзе ў органы дзяржкіравання, якія з'яўляюцца заказчыкамі і каардынатарамі праграм, паступіла 116 заявак ад малых прадпрыемстваў. З разгледжаных заявак адабрана 108. У цяперашні час гэтыя заяўкі ўключаны ў мерапрыемствы дзяржаўных структур. Аляксандр Ліхачэўскі паведаміў, што паспяхова рэалізуюцца праекты з удзелам малога бізнесу ў Гомельскай вобласці - ствараецца фармацэўтычная вытворчасць ветэрынарных прэпаратаў. У Магілёўскай вобласці з удзелам прадпрымальнікаў будуецца ветраэнергетычная ўстаноўка. Завод па рафінаванні і дэзадараванні раслінных алеяў з удзелам малога бізнесу узводзіцца ў Гродзенскай вобласці.-0-

БЕЛТА