1 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Больш за 1,6 тыс. прадпрыемстваў і арганізацый сталі шэфамі сельскіх населеных пунктаў у Віцебскай вобласці, паведаміў сёння на пасяджэнні прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў старшыня аблсавета Аляксандр Ацясаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У вобласці праводзіцца сістэмная і мэтанакіраваная работа па добраўпарадкаванні сельскіх населеных пунктаў і навядзенні парадку на зямлі, падкрэсліў старшыня аблсавета. Нямала дапамогі вяскоўцам у гэтай справе аказваюць шэфы - прадпрыемствы і арганізацыі вобласці, якія замацаваны за кожным з больш чым 6,3 тыс. населеных пунктаў - ад аддаленага хутара да аграгарадка. У 2011 годзе ў тым ліку і пры дапамозе шэфаў знесена больш за 850 старых бесгаспадарчых дамоў, уцягнута ў гаспадарчы абарот звыш 5 тыс. пустуючых зямельных участкаў агульнай плошчай 1,5 тыс. га, добраўпарадкавана 2,2 тыс. км праездаў і сельскіх вуліц, звыш 2,7 тыс. шахтных калодзежаў, устаноўлена 136 км агароджаў. Практыка аказання прадпрыемствамі дапамогі ў добраўпарадкаванні вёсак будзе працягнута ў вобласці і ў бягучым годзе. Раённыя Саветы дэпутатаў ужо падрыхтавалі сумесна са сваімі шэфамі пералік першачарговых мерапрыемстваў. У іх лік увайшлі ўцягванне ў сельгасабарот зямельных участкаў, знос старых пустуючых дамоў, ачыстка меліярацыйных каналаў, навядзенне парадку ў лясах, прылеглых да сельскіх населеных пунктаў, рамонт вуліц, добраўпарадкаванне прыпынкаў грамадскага транспарту і месцаў адпачынку, аднаўленне водаправодных сетак, калодзежаў, прывядзенне ў парадак могілак. Як адзначыў Аляксандр Ацясаў, ні адна вёска, незалежна ад колькасці пражываючых там людзей, не застанецца без увагі сельскіх выканкамаў і шэфаў. У бягучым годзе бюджэтам прадугледжана выдзяленне Br1,2 млрд. на знос бесгаспадарчых старых дамоў, яшчэ Br9 млрд. будзе накіравана на рамонт сельскіх вуліц і пад'ездаў да вёсак і сельскіх могілак.-0-

БЕЛТА