10 чэрвеня, Мінск /Таццяна Пастушэнка - БЕЛТА/. Больш за 20 новых праектаў будзе прадстаўлена на заключных мерапрыемствах IX Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, якія пройдуць у Гродне ў чэрвені 2012 года. Пра гэта распавёў сёння журналістам дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міхаіл Рыбакоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Сярод навінак фестывалю - гала-канцэрт творчых калектываў краін СНД, выстава народнай гаспадаркі з удзелам прадстаўнікоў нацыянальных аб'яднанняў Беларусі. Чаpговай тэмай нацыянальных падворкаў, магчыма, стане свята вясны. Не выключана таксама выданне да наступнага фестывалю фотаальбома, прысвечанага яго гісторыі. На адкрыцці фестывалю, якое адбудзецца 11 чэрвеня бягучага года ў Белдзяржфілармоніі, выступяць прадстаўнікі 27 нацыянальнасцей - усе яны падрыхтавалі па адным-два творчых нумары. Упершыню ўдзельнікамі адкрыцця форуму стануць туркмены. У пралогу канцэрта выступіць Нацыянальны акадэмічны народны хор Беларусі імя Г.Цітовіча, а пад заслону праспявае шматгалосы хор з прадстаўнікоў 14 нацыянальнасцей. Намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Беларусі Уладзімір Ламека ў сваю чаргу выказаў надзею на тое, што цяперашні фестываль стане яшчэ больш маштабным, чым папярэднія, і адзначыў, што ўжо зараз у форуме ўдзельнічаюць нацыянальнасці, якія афіцыйна пакуль не зарэгістраваны ў Беларусі.-0-

БЕЛТА