28 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за 200 беспрацоўных інвалідаў працаўладкаваны ў Віцебскай вобласці за першае паўгоддзе, у тым ліку за кошт устаноўленай брані - 106 чалавек, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама. Па дзяржаўнай праграме садзейнічання занятасці насельніцтва ў студзені-чэрвені былі створаны 5 новых спецыялізаваных працоўных месцаў для інвалідаў. Адаптацыю да працоўнай дзейнасці прайшлі 22 беспрацоўных інваліда (48,9% гадавога задання, тэмп росту ў адносінах да аналагічнага перыяду мінулага года склаў 110%) у 19 арганізацыях з выплатай кампенсацый наймальнікам па аплаце працы, набыцці матэрыялаў і спецадзення ў аб'ёме Br200 млн. са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Адаптацыя да працоўнай дзейнасці праводзілася па такіх спецыяльнасцях, як юрысконсульт, бухгалтэр, аператар ЭВМ, абуўшчык, вахцёр, вартаўнік, рабочы па рамонце і мыцці адзення і інш. Таксама ў студзені-чэрвені было арганізавана прафесійнае навучанне 38 беспрацоўных інвалідаў. Апошнія атрымалі спецыяльнасці кладаўшчыка, цырульніка, слесара-сантэхніка і інш. У межах рэалізацыі рэгіянальнай праграмы "Прадухіленне інваліднасці і рэабілітацыя інвалідаў" у Віцебскай вобласці ў першым паўгоддзі былі забяспечаны тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі больш за 400 чалавек. Выдадзена 404 інвалідныя каляскі, а таксама больш за 440 розных рэабілітацыйных прыстасаванняў і тыфлатэхнічных сродкаў на суму Br3,6 млрд. Дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога ў памеры Br1,1 млрд. накіравана на аплату тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі 789 інвалідам III групы і дзецям, якія маюць патрэбу ў іх па медыцынскіх паказаннях. На базе Віцебскага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў у гэтым годзе прайшлі курс сацыяльнай рэабілітацыі 58 інвалідаў з захворваннямі апорна-рухальнага апарату і 89 - з парушэннем функцыі органаў зроку. Для інвалідаў па зроку ў бібліятэках вобласці спецыяльны фонд, які налічвае 11 тыс. экзэмпляраў агучанай літаратуры. За студзень-чэрвень ён папоўніўся 360 новымі экзэмплярамі.