XIII Адкрытыя рэспубліканскія спаборніцтвы па спартыўных танцах "Танцавальны рынг - 2019" пройдуць у Віцебску 20 красавіка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА арганізатары.
На працягу дня ў Віцебскім цэнтральным спорткомплексе танцоры будуць у запальным рытме змагацца за званне лепшых. Заяўкі на ўдзел у турніры падалі танцавальныя пары з Мінска, Магілёва, Гомеля, Мінскай і Віцебскай абласцей - усяго больш за 400 спартсменаў.
Конкурс пройдзе сярод пар розных узроставых катэгорый у 32 намінацыях, у кожнай з якіх будуць вызначаны пераможцы. Удзельнікі пакажуць сваё майстэрства ў катэгорыях "Дзеці", "Юніёры", "Моладзь" і "Сеньёры". Ацэньваць выступленне спартсменаў будзе кваліфікаваная судзейская брыгада Беларускага рэспубліканскага танцавальнага саюза.
Арганізатарамі спаборніцтваў выступілі Беларускі рэспубліканскі танцавальны саюз, Віцебскі гарадскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, танцавальны клуб "Аэліта".