XXIV Міжнародны шахматны турнір «Орша-2026» сабраў больш за 250 удзельнікаў – прадстаўнікоў шахматных федэрацый Беларусі, Расіі, Ірландыі, Украіны і Туркменістана. Не перашкодай для майстроў інтэлектуальных паядынкаў сталі нават сур'ёзныя маразы. Характэрна, што больш за 80 спартсменаў – прадстаўнікі Віцебскай вобласці.
– Міжнародны шахматны турнір збірае лепшых майстроў логікі і стратэгіі. Гэта падкрэслівае значнасць шахмат як віду спорту, які выклікае велізарную цікавасць, – адзначыла падчас урачыстага адкрыцця намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Анастасія Пракоф'ева.
Інтэлектуальныя спаборніцтвы падзелены на некалькі груп па швейцарскай сістэме ў 9 тураў: адкрыты турнір з аблікам міжнароднага рэйтынгу, турнір прадстаўнікоў, майстарскі турнір і чатыры дзіцячыя. Таксама запланаваныбліц-турнір і тэмпа-турнір – адкрытыя турніры з аблікам рэйтынгу FIDE. У камандным заліку выступяць каманды з 5 шахматыстаў і трэнера, сфармаваныя па тэрытарыяльным прынцыпе. 21 студзеня пройдзе сеанс адначасовай гульні з міжнароднымі гросмайстрамі. Сёлета гросмайстар, чэмпіён Маскоўскай вобласці Аляксандр Маскаленка згуляе з дарослымі, а міжнародны гросмайстар Рахіль Эйдэльсон з Віцебска – з дзецьмі.
– Гэта адзін з найбуйнейшых міжнародных турніраў па шахматах у Рэспубліцы Беларусь, які ўжо традыцыйна збірае ўдзельнікаў ад малога да вялікага. За 24 гады ён набыў аўтарытэт у шахматнай супольнасці ўсяго свету, – падкрэсліў галоўны суддзя спаборніцтваў, міжнародны арбітр Анатоль Лебедзеў. – 25 студзеня, падчас цырымоніі ўрачыстага закрыцця турніру, назавуць імёны пераможцаў.
Намеснік старшыні ГА «Беларуская федэрацыя шахмат» Мікалай Зарубіцкі распавёў, што многія спартсмены-шахматысты, якія прайшлі міжнародны турнір у Оршы – цяпер міжнародныя майстры і гросмайстры, віцэ-чэмпіёны, чэмпіёны свету.
Дарэчы, яго сын Вячаслаў Зарубіцкі – міжнародны майстар і майстар спорту Рэспублікі Беларусь, віцэ-чэмпіён свету, член нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па шахматах.
– Я ў дзяцінстве сур'ёзна захапляўся лёгкай атлетыкай. Савецкая школа – за перамогі ў спаборніцтвах нам дарыла шахматы, – прызнаўся бацька знакамітага спартсмена. – Дома іх назапасілася нямала – сам гуляў, і Слава захапіўся не на жарт. Гэта і стала адпраўной кропкай у вялікія шахматы.
Міжнародны гросмайстар з Туркменістана Сафар Батыраў у Оршы трэці раз.