1 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Больш за 250 тыс. чалавек змогуць скарыстацца дазволамі на спрошчанае перасячэнне мяжы паміж Беларуссю і Латвіяй. Аб гэтым сёння пасля цырымоніі падпісання пратакола аб абмене пісьмовымі паведамленнямі аб выкананні ўнутрыдзяржаўных працэдур, неабходных для ўступлення ў сілу пагаднення аб спрошчаным парадку ўзаемных паездак жыхароў памежных тэрыторый Беларусі і Латвіі, паведаміў журналістам пасол Беларусі ў Латвіі Аляксандр Герасіменка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле папярэдніх даных, з беларускага боку ў спісы жыхароў памежных тэрыторый, якія маюць права на атрыманне адпаведных дазволаў, будуць уключаны больш за 70 тыс. чалавек, з латвійскага - звыш 180 тыс.
Па словах пасла Латвіі ў Беларусі Міхаіла Попкоўса, бакі дамовіліся ўжо праз месяц абмяняцца спісамі. Яшчэ адзін месяц спатрэбіцца для таго, каб тэхнічна дааснасціць консульствы Латвіі ў Віцебску і Беларусі ў Даўгаўпілсе, дзе жыхары памежных тэрыторый будуць атрымліваць дазволы на бязвізавае перасячэнне мяжы. Дазвол латвійскага боку будзе ўкладышам у пашпарт, падобным на цяпер выдаваную візу.
З поўным тэкстам Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Латвійскай Рэспублікі аб спрошчаным парадку ўзаемных паездак жыхароў памежных тэрыторый Рэспублікі Беларусь і Латвійскай Рэспублікі ад 23 жніўня 2010 года можна азнаёміцца ў адкрытым доступе ў Інтэрнэце.
Выдача дазволаў на спрошчанае перасячэнне мяжы пачнецца ў Генеральным консульстве Беларусі ў Даўгаўпілсе і консульстве Латвіі ў Віцебску з 1 лютага 2012 года.-0-
БЕЛТА
Больш за 250 тыс. чалавек змогуць перасякаць па спрошчанай схеме мяжу паміж Беларуссю і Латвіяй
1.12.20110 праглядаў