Драйвовы Gymkhana drive fest – 2025" трэці год запар збірае жыхароў Віцебска на пляцоўцы каля Летняга амфітэатра. Сёлета ён праходзіць два дні запар. Упершыню тут усталявалі пражэктары для незабыўнага светлавога шоу і суправаджэння гонкі ўвечары.

У аўтафестываль дакладна ўкладваюць душу. Яго арганізатар - шасціразовы чэмпіён Беларусі па спартыўным манеўраванні, прафесійны аўтаспартсмен Аляксей Шэндзюкоў сёлета пастараўся прыцягнуць больш пілотаў з Расіі. Вынік не прымусіў сябе доўга чакаць - аншлаг на трыбунах гледачоў быў ад пачатку і да канца. Публіку чакалі драйвовыя спаборніцтвы, супер-заезды з зоркай аўтаспорту Аляксеем Шэндзюковым, розыгрыш прызоў і выстава рэдкіх аўтамабіляў.

Самы юны ўдзельнік гонак – 15-гадовы Дзяніс Кукушкін. У спаборніцтвах па джымхане хлопец удзельнічае ўжо чацвёрты раз. Гонкі, дрыфт і запал да аўтамабіляў у хлопца ў крыві ў самым прамым сэнсе.

На пытанне, хто ў гэтым юным узросце навучыў кіраваць аўтамабілем, Дзяніс нечакана стаў пералічваць… усіх членаў сям'і. Яго мама, Святлана, – гоншчыца. У розныя гады яна была пераможцай ADT.BY. І хоць у 2003 годзе Святлана завяршыла кар'еру, аўтаспорт з ёй застаўся назаўжды. На гонках яна пазнаёмілася са сваім мужам (бацькам Дзяніса), і праз столькі гадоў яны выгадавалі двух сыноў, якія так жа, як і бацькі, цяпер не ўяўляюць свайго жыцця без візгу шын і дрыфту.