20 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Больш за 30 назіральнікаў ад СНД у дзень галасавання на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пятага склікання збіраюцца працаваць на выбарчых участках у Віцебскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Віцебскага аблвыканкама Леанід Дарафеенка. Сярод замежных кароткатэрміновых назіральнікаў таксама будуць члены місіі па назіранні за выбарамі БДІПЧ АБСЕ. Сачыць за ходам галасавання збіраюцца больш за 4 тыс. нацыянальных назіральнікаў. Такім чынам, у сярэднім на адзін выбарчы ўчастак прыйдзецца больш чым па чатыры назіральнікі. Выбары па ўсіх 14 акругах у Віцебскай вобласці пройдуць на альтэрнатыўнай аснове. На фінішную прамую выбарчай кампаніі выйшлі 42 кандыдаты, з якіх 22 прадстаўляюць палітычныя партыі. Паводле даных на раніцу 20 верасня, у датэрміновым галасаванні прынялі ўдзел 8,3% выбаршчыкаў вобласці. У Віцебскай вобласці ўтворана 898 участкаў для галасавання, у тым ліку 48 - у санаторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых стацыянарных лячэбна-прафілактычных установах, 2 - у воінскіх часцях. Датэрміновае галасаванне праходзіць на 850 выбарчых участках.-0-

БЕЛТА