27 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за 300 дзяцей адпачнуць сёлета ў дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры "Жамчужына" Лепельскага раёна за кошт сродкаў Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар лячэбна-аздараўленчай установы Вера Закрэўская.
З верасня тут ужо правялі 21-дзённы адпачынак групы дзяцей з Калужскай вобласці (Расія) і розных раёнаў Гомельскай вобласці. Разнастайныя аздараўленчыя працэдуры падлеткі сумяшчалі з актыўным адпачынкам, насычаным рознымі спартыўна-творчымі мерапрыемствамі і экскурсіямі. У прыватнасці, дзеці правялі шэраг круглых сталоў і віктарын, якія дазволілі ім больш даведацца пра краіны Саюзнай дзяржавы, наведалі Бярэзінскі біясферны запаведнік, Лепельскі краязнаўчы музей, мемарыяльныя комплексы "Прарыў" і "Хатынь", убачылі славутасці Полацка.
Цяпер сваё здароўе ў "Жамчужыне" папраўляюць больш за 60 юных жыхароў Гомельскай і Тульскай абласцей, а ў пачатку снежня тут чакаюць дзве групы дзяцей з Бранскай вобласці Расіі. "У наступным годзе цэнтр плануе працягнуць удзел у саюзных праграмах па аздараўленні дзяцей", - дадала Вера Закрэўская.
Усяго за мінулыя гады санаторна-курортнае лячэнне ў дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры "Жамчужына" за кошт сродкаў Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы прайшлі больш за 1,1 тыс. дзяцей з раёнаў Расіі і Беларусі, якія найбольш пацярпелі ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
ДРАЦ "Жамчужына" размешчаны ў сасновым бары на беразе возера Шчыбот. Тут створаны ўсе неабходныя ўмовы для пражывання, аздараўлення і рэабілітацыі дзяцей з рознымі паталогіямі. -0-
БЕЛТА
Больш за 300 дзяцей аздаровяцца ў лепельскім цэнтры "Жамчужына" па саюзных праграмах
27.10.20110 праглядаў