3 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за 300 адзінак тэхнікі ліквідуюць наступствы снегападу на дарогах Віцебскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар РВУ "Віцебскаўтадар" Адам Конопліч. На апрацоўцы супрацьгалалёднымі матэрыяламі і ачыстцы ад снегу дарог рэспубліканскага значэння занята больш за 250 машын і каля 500 чалавек. Людзі і тэхніка працуюць кругласутачна ў штатным рэжыме, што дазволіла пазбегнуць магчымых інцыдэнтаў, звязаных з дарожнай абстаноўкай. На ачыстцы вуліц Віцебска, дзе за ноч выпала дэкадная норма ападкаў, сёння задзейнічаны 64 адзінкі тэхнікі і каля 450 чалавек, у тым ліку 350 дворнікаў. Пры гэтым пачынаючы з ночы 2 студзеня на снежныя звалкі з горада вывезена 1,5 тыс. куб.м снегу, адзначылі ва УП "Гардормост". У бліжэйшыя дні асноўная ўвага работнікаў дарожных службаў будзе нададзена пасыпцы дарог, бо, па прагнозах сіноптыкаў, да канца тыдня на тэрыторыі рэгіёну пройдуць ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Дзённая тэмпература складзе ад 0 да 5 градусаў цяпла, а ўночы чакаецца пахаладанне да мінус 3 - мінус 5 градусаў, паведаміла вядучы інжынер-сіноптык Віцебскага абласнога цэнтра па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя Людміла Барадзёнак.-0-

БЕЛТА