30 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Больш за 300 спартсменаў з 23 краін прымуць удзел у чэмпіянаце свету і Еўропы па гіравым спорце, які стартуе ў Віцебску 1 красавіка. Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі паведаміў прэзідэнт Міжнароднай канфедэрацыі майстроў гіравога спорту (МКМГС) Анатоль Ежоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Спаборніцтва такога ўзроўню па версіі МКМГС будуць праходзіць у 10-ы раз, пры гэтым упершыню арганізатары вырашылі правесці ў рамках сусветнага першынства адкрыты чэмпіянат Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі па гіравым спорце. На памосты выйдуць прадстаўнікі амаль усіх кантынентаў. Сярод удзельнікаў спаборніцтваў будзе больш за 50 прадстаўніц прыгожага полу, самай малодшай з якіх 11 гадоў, а самай дасведчанай стане 75-гадовая спартсменка з Расіі. На працягу трох спаборніцкіх дзён спартсменам пры гарачай падтрымцы гледачоў трэба будзе шматгадзінны гіравы марафон, які прадугледжвае выкананне больш за 20 практыкаванняў. Акрамя традыцыйных штуршка, рыўка і штуршка доўгім цыклам у праграму чэмпіянату ўключаны такія віды, як гіравое мнагабор'е, марафон, мужчынская, жаночая і змешаныя эстафеты, спрынт і паўспрынт. Не менш відовішчнымі абяцаюць быць выступленні спартсменаў у сілавым жонгліраванні, а таксама ў намінацыі " адвольны спосаб падняцця гір". Спартсмены розных вагавых і ўзроставых катэгорый будуць працаваць з гірамі рознай вагі. У залік адкрытага чэмпіянату Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі пойдзе выкананне дзесяці відаў практыкаванняў, у тым ліку такіх відовішчных, як сілавое жонгліраванне, спрынт, марафон і адвольны спосабы падняцця гір. Узнагароджанне пераможцаў і прызёраў адбудзецца 3 красавіка. Спаборніцтвы пройдуць на базе сярэдняй школы №46 абласнога цэнтра, дзе будуць разгорнуты 12 памостаў. Па іх завяршэнні ўсе спартыўныя снарады - а гэта звыш 80 гір рознай вагі - будуць прэзентаваны ў дар 46-й віцебскай школе і яшчэ двум навучальным установам абласнога цэнтра, а таксама выхаванцам папраўчай установы для непаўналетніх, адзначыў Анатоль Ежоў. Арганізатарамі спаборніцтваў выступаюць Міжнародная канфедэрацыя майстроў гіравога спорту і Віцебскі гарвыканкам.-0-

БЕЛТА