4 лістапада, Гродна /Алена Стасюкевіч - БЕЛТА/. Больш за 350 млн. еўра прадугледжана Еўрапейскім саюзам па праграмах "Усходняга партнёрства", даступных для Беларусі. Аб гэтым паведамілі журналістам прадстаўнікі ЕС у Беларусі сёння падчас семінара ў Гродне, перадае карэспандэнт БЕЛТА. На семінары "Агляд праграм супрацоўніцтва паміж Еўрапейскім саюзам і Рэспублікай Беларусь: вопыт і перспектывы для Гродзенскай вобласці" выступілі каардынатары праграм, а таксама ўдзельнікі канкрэтных праектаў. "Гродзенская вобласць дастаткова актыўна ўдзельнічае ў розных праграмах і праектах ЕС, - адзначыў каардынатар праектаў Прадстаўніцтва Еўрасаюза Вячаслаў Шэлегейка. - Рэгіён паспяхова ўдзельнічаў у праектах такіх праграм, як "Тэмпус", праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва, "Аб'яднання грамадзян" і "Мясцовыя органы ўлады". Праекты датычыліся развіцця турызму, вышэйшай адукацыі, аховы здароўя, абароны навакольнага асяроддзя і іншых". Толькі Гродзенскі дзяржуніверсітэт імя Янкі Купалы прыняў удзел прыкладна ў 15 праектах. "Тым не менш мы чакаем яшчэ большай актыўнасці ад вобласці і ў цэлым Беларусі", - дадаў суразмоўца. Беларусь уключана з яшчэ пяццю дзяржавамі ў ініцыятыву "Усходняга партнёрства", у межах якой прадугледжана дадатковая фінансавая падтрымка на рэалізацыю праграм у памеры 350 млн. еўра на перыяд да 2013 года. Па праграмах трансгранічнага супрацоўніцтва фінансаванне атрымлівае адна з трох-чатырох заявак. Колькасць заявак на рэалізацыю праектаў у некаторых напрамках даходзіць і да 12. Аднак, адзначылі арганізатары семінара, варта ўдзельнічаць у конкурсе заявак неаднаразова. Практыка паказвае, што часта праекты, якія атрымалі адабрэнне ЕС толькі з трэцяга разу, у выніку аказваюцца вельмі паспяховымі. Удзельнікі мерапрыемства таксама атрымалі падрабязную кансультацыю па падрыхтоўцы праектных прапаноў у праграмы міжнароднай тэхнічнай дапамогі Еўрасаюза.-0-

БЕЛТА