9 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за 4 тыс. сімвалаў Перамогі ўпрыгожылі дамы ветэранаў і ўдзельнікаў вайны ў Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным камітэце БРСМ.
Сімвалы акцыі - чырвоныя зоркі з надпісам "Дзякуй за Перамогу!", вырабленыя ўручную, - члены маладзёжнай арганізацыі распаўсюджвалі з 5 па 9 мая ў ходзе аднайменнай рэспубліканскай патрыятычнай акцыі. Акрамя гэтага, хлопцы ўручылі пажылым людзям віншавальныя паштоўкі, сувеніры, аказалі дапамогу ў побыце, цёпла сустракалі ў навучальных калектывах. "Ветэраны з'яўляюцца для моладзі жывым увасабленнем мужнасці і патрыятызму, таму напярэдадні Дня Перамогі актывісты БРСМ зрабілі ўсё магчымае для таго, каб максімальна ахапіць іх увагай", - падкрэслілі ў камітэце. Значная работа праведзена напярэдадні свята і па добраўпарадкаванні месцаў воінскай славы, пахаванняў, мемарыялаў і комплексаў. "Важна шанаваць не толькі ўдзельнікаў вайны, якія сёння з намі, але і памятаць тых, хто не дажыў да гэтай вялікай даты", - дадалі ў камітэце.
Акцыя "Дзякуй за Перамогу!" заклікана выхоўваць у падрастаючага пакалення грамадзянскую самасвядомасць, павагу да гісторыі і гераічнага мінулага сваёй Радзімы, развіваць у дзяцей і падлеткаў актыўную жыццёвую пазіцыю.
Работа з ветэранамі і пажылымі людзьмі праводзіцца пярвічкамі абласной арганізацыі БРСМ на рэгулярнай аснове. За членамі БРСМ замацаваны звыш 6 тыс. ветэранаў, удзельнікаў вайны, пажылых людзей і асоб, пацярпелых ад наступстваў войнаў, грамадзян, якія пражываюць у дамах-інтэрнатах для састарэлых і інвалідаў. Ім аказваецца дапамога ва ўборцы дамоў і прыдамавой тэрыторыі, нарыхтоўцы дроў, апрацоўцы прысядзібных участкаў, вядзенні хатняй гаспадаркі і г.д. З гэтай мэтай праводзіцца больш за дзесятак розных акцый: "Адрас клопату", "Ветэран жыве побач", "Рука ў руцэ", "Цёпла душы", "Дзякуй за мір", "Подзвіг у спадчыну", "Моладзь ветэранам", "Дапаможам, чым зможам", "Спяшайцеся рабіць дабро", "Тыдзень дабра". Для аператыўнага збору інфармацыі аб аказанні дапамогі пажылым людзям у тэрытарыяльных камітэтах арганізацыі дзейнічае тэлефонная лінія. -0-
БЕЛТА
Больш за 4 тыс. сімвалаў Перамогі ўпрыгожылі дамы ветэранаў і ўдзельнікаў вайны ў Віцебскай вобласці
9.5.20120 праглядаў