Больш за 40% карупцыйных злачынстваў у Віцебскай вобласці прыпадае на хабарніцтва
19.12.20120 праглядаў
19 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Асноўную долю карупцыйных злачынстваў у Віцебскай вобласці складаюць факты хабарніцтва і службовых крадзяжоў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю пракуратуры Віцебскай вобласці Васіль Пашкоўскі.
За студзень-лістапад гэтага года на тэрыторыі Віцебскай вобласці выяўлена 317 злачынстваў, звязаных з карупцыяй, што на 3,6% менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. З іх крыху больш за 40% (129 злачынстваў) складаюць факты хабарніцтва, столькі ж здзейснена службовымі асобамі крадзяжоў шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Найбольшая колькасць карупцыйных злачынстваў зарэгістравана ў такіх сферах і галінах дзейнасці, як прамысловасць (56 злачынстваў), будаўніцтва (35), сельская гаспадарка (30). Уваходзяць у гэты спіс таксама сістэмы аховы здароўя і адукацыі.
У разрэзе рэгіёнаў вобласці за мінулы перыяд больш за ўсё карупцыйных злачынстваў было выяўлена ў Віцебску (101), Оршы (67), Полацку (21), Аршанскім і Сенненскім раёнах (па 19). Прыводзячы прыклады работы праваахоўных органаў па барацьбе з карупцыяй, Васіль Пашкоўскі адзначыў устаноўленыя неадзінкавыя факты здзяйснення злачынстваў службовымі асобамі арганізацый дарожнага будаўніцтва, якія, злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, з дапамогай падробленых дакументаў здзяйснялі крадзяжы бітуму, набытага за кошт бюджэтных сродкаў. Прычыненая іх злачыннымі дзеяннямі шкода вымяраецца сотнямі мільёнаў рублёў. "Звяртае на сябе ўвагу тая акалічнасць, што большасць службовых крадзяжоў здзяйсняецца ва ўмовах неналежным чынам наладжанага гаспадарчага працэсу і ўліку наяўнасці і руху таварна-матэрыяльных каштоўнасцей", - падкрэсліў начальнік аддзела. У значнай ступені спрыяюць гэтаму таксама недахопы ў ажыццяўленні фінансава-гаспадарчай дзейнасці, нізкі ўзровень працоўнай і выканаўчай дысцыпліны, непрыняцце неабходных мер па захаванасці ўласнасці.
Акрамя таго, у некаторых рэгіёнах вобласці ўстаноўлены факты атрымання службовымі асобамі дыягнастычных станцый матэрыяльных узнагароджанняў ад грамадзян з мэтай спрыяльнага вырашэння пытанняў па праходжанні дзяржаўнага тэхнічнага агляду іх няспраўных транспартных сродкаў. Шэраг крымінальных спраў у студзені-лістападзе быў узбуджаны ў дачыненні да работнікаў устаноў аховы здароўя, якія атрымлівалі ад грамадзян у якасці хабару грашовыя сродкі за неабгрунтаваную выдачу лісткоў непрацаздольнасці.
"Пытанні барацьбы з карупцыяй працягваюць насіць актуальны характар і патрабуюць прыняцця рашучых мер па своечасовым папярэджанні, выяўленні і спыненні карупцыйных праяў, ліквідацыі прычын і ўмоў, ім спрыяючых. Безумоўнае выкананне дадзеных мер з'яўляецца першачарговай задачай не толькі праваахоўных органаў, але і кіраўнікоў рознага ўзроўню", - рэзюмаваў Васіль Пашкоўскі.-0-
БЕЛТА