28 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за 400 населеных пунктаў пацярпелі за мінулыя суткі ў Віцебскай вобласці ад моцнага ветру, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў РУП "Віцебскэнерга". Значная ветравая нагрузка стала прычынай парушэння электразабеспячэння ў Верхнядзвінскім, Расонскім, Полацкім, Аршанскім, Шумілінскім і Гарадоцкім раёнах. Усяго ў іх было адключана 416 населеных пунктаў, 58 ліній электраперадач (ЛЭП), 835 трансфарматарных падстанцый і 60 ферм. Асноўныя наступствы стыхіі былі ліквідаваны напярэдадні. На 6.00 28 снежня заставаліся не адноўлены 43 участкі ліній электраперадач, 195 трансфарматарных падстанцый, 3 фермы і 140 населеных пунктаў. Па стане на 7.00 раніцы, на аднаўленні электразабеспячэння рэгіёну былі заняты 63 рамонтныя брыгады агульнай колькасцю звыш 230 чалавек і 74 адзінкі тэхнікі, аднак у цяперашні час з пачаткам працоўнага дня іх колькасць павялічылася, адзначылі ў "Віцебскэнерга". Цалкам завяршыць аднаўленчыя работы плануецца на працягу дня.-0-

БЕЛТА