29 студзеня, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Больш за 400 пенсіянераў Віцебскай вобласці дадуць ацэнку паўнаце і якасці прапанаваных ім паслуг. У рэгіёне пачалося базавае сацыялагічнае даследаванне па выяўленні ступені задаволенасці пажылых людзей паслугамі рознага характару, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК).
Рэспандэнтам прапанавана анкета, распрацаваная рэспубліканскім НДІ працы, якая ўключае больш за 70 пытанняў, што тычацца такіх аспектаў жыцця пажылых людзей, як "хатнія справы", "догляд за сабой", "стан здароўя", "вольны час, культура, актыўнасць".
"Абласная арганізацыя БТЧК праводзіць апытанне сумесна з камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама. Асаблівасць яго правядзення ў тым, што ў якасці інтэрв'юераў выступяць не толькі прадстаўнікі тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, але і пажылыя людзі - члены ініцыятыўных груп, створаных пры раённых арганізацыях БТЧК", - адзначылі ў Чырвоным Крыжы.
Па выніках апытання, у якім таксама прымуць удзел пажылыя людзі з Мінскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцей, прадугледжваецца ўнясенне прапаноў па ўдасканаленні прадастаўлення паслуг грамадзянам пажылога ўзросту ў новую рэспубліканскую праграму сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Базавае сацыялагічнае даследаванне па выяўленні ступені задаволенасці пажылых людзей паслугамі рознага характару праводзіцца ў межах праекта "Пашырэнне магчымасцей пажылых людзей у прыняцці рашэнняў па пытаннях іх паўнавартаснага ўдзелу ў жыцці грамадства", які рэалізуецца БТЧК у Мінскай, Віцебскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцях пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскай камісіі, Аўстрыйскага агенцтва па развіцці, Швейцарскага і Аўстрыйскага таварыстваў Чырвонага Крыжа.-0-