30 жніўня, Мінск /Крысціна Курловіч - БЕЛТА/. Больш за 406 тыс. дзяцей аздаравіліся ў беларускіх лагерах сёлета. Пра гэта сёння журналістам паведаміў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Мікалай Мазур, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Летняе аздараўленне скончылася днямі - 27 жніўня. Сёлета ў летні перыяд дзяцей прымалі 5 тыс. 376 дзіцячых лагераў, з іх 1 тыс. 566 - кругласутачнага знаходжання. Як адзначыў Мікалай Мазур, папулярнасцю ў дзяцей карысталіся профільныя лагеры, а старшакласнікі з задавальненнем наведвалі працоўныя. Ён падкрэсліў, што прыярытэтнымі з'яўляюцца аздараўленне дзяцей, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У лагерах з кругласутачным знаходжаннем за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту адпачылі больш за 5 тыс. такіх дзяцей. Акрамя таго, сёлета за кошт бюджэтных сродкаў саюзнай дзяржавы плануецца аздаравіць 519 тыс. дзяцей-чарнобыльцаў. Мікалай Мазур адзначыў, што летняя аздараўленчая кампанія 2012 года была арганізавана на высокім узроўні: "Забяспечана бяспечнае знаходжанне дзяцей у лагерах, не было зафіксавана харчовых інфекцый, харчаванне дзяцей было разнастайным, збалансаваным". Сёлета на яе правядзенне выдзелілі 146,5 млрд., а на падрыхтоўку дзіцячых лагераў да летняга сезона - 55,2 млрд. Сярэдні кошт пуцёўкі ў лагер з кругласутачным знаходжаннем склаў Br1 млн. 507 тыс. Гэтым летам беларусы адпачывалі і папраўлялі здароўе ў 368 санаторна-курортных аздараўленчых арганізацыях. Адпачываючых прымалі 70 санаторыяў для дарослых і 10 - для дзяцей, 13 дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў, 189 дзіцячых аздараўленчых лагераў, 16 студэнцкіх санаторыяў-прафілакторыяў і 25 аздараўленчых цэнтраў.

БЕЛТА