Больш за 4,4 тыс. грамадзян Латвіі атрымалі дазвол на мясцовы памежны рух
15.5.20120 праглядаў
15 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Больш за 4,4 тыс. грамадзян Латвіі - жыхароў прыгранічных з Беларуссю тэрыторый, атрымалі дазвол на мясцовае прыгранічнае перамяшчэнне. Пра гэта сёння на брыфінгу паведаміў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Алег Мацкевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У адпаведнасці з пагадненнем паміж урадамі Беларусі і Латвіі аб спрошчаным парадку ўзаемных паездак жыхароў прыгранічных тэрыторый ад 23 жніўня 2010 года консульскія ўстановы з 1 лютага бягучага года пачалі прыём дакументаў для выдачы дазволаў на мясцовае прыгранічнае перамяшчэнне. Першапачаткова ў спісы з беларускага боку былі ўключаны каля 200 чалавек, з латвійскага - каля 4 тыс. Па дадзеных на 1 мая, калі ў консульствы былі пададзены новыя спісы, у іх, па дадзеных Алега Мацкевіча, налічвалася ўжо каля 1 тыс. і 5 тыс. чалавек адпаведна.
Як адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама, з больш чым 4 тыс. грамадзян Латвіі, якія прэтэндавалі на атрыманне дазволу на мясцовае прыгранічнае перамяшчэнне, у яго выдачы было адмоўлена толькі тром, якія мелі праблемы з крымінальным кодэксам. "Гэта сведчыць аб добрасуседскіх адносінах паміж нашымі дзяржавамі і ўсталяваных сяброўскіх, канструктыўных кантактах", - падкрэсліў ён.
Хоць роднасныя сувязі часцей за ўсё служаць падставай для выдачы дазволаў на мясцовае прыгранічнае перамяшчэнне (на іх долю прыходзіцца каля 70%), дзелавыя сустрэчы таксама з'яўляюцца важкім аргументам для ўдзелу ў малым прыгранічным перамяшчэнні. Актыўныя бізнес-працэсы з удзелам беларускіх і латвійскіх прадпрымальнікаў вядуцца ў Верхнядзвінскім і Браслаўскім раёнах, чаму нямала спрыяе спрошчаны парадак перасячэння мяжы.
Нароўні з наведваннем сваякоў і рэгулярнымі бізнес-кантактамі, падставай для выдачы дазволаў з'яўляюцца арганізацыя або ўдзел у культурных, адукацыйных, навуковых і спартыўных мерапрыемствах, праводзімых органамі ўлады і ўстановамі Беларусі і Латвіі, валоданне нерухомасцю, наведванне месцаў пахавання сваякоў, атрыманне медыцынскай дапамогі, удзел у мерапрыемствах, звязаных з мясцовымі традыцыямі і правядзеннем рэлігійных абрадаў.
Пагадненнем аб спрошчаным парадку ўзаемных паездак жыхароў памежных тэрыторый Беларусі і Латвіі прадугледжаны спрошчаны парадак перасячэння дзяржаўнай мяжы жыхарамі памежных тэрыторый, якія пастаянна пражываюць на гэтых тэрыторыях не менш за адзін год, незалежна ад іх грамадзянскай прыналежнасці, пры наяўнасці дазволу на мясцовае памежнае перамяшчэнне, выдадзенага кампетэнтным органам іншага боку, і праязнога дакумента (пашпарта альбо іншага дакумента, прадугледжанага заканадаўствам). Дазвол будзе выдавацца на тэрмін ад 1 да 5 гадоў. Кошт збору за прыняцце і разгляд заявы аб выдачы дазволу вызначаецца ў памеры 20 еўра. Пры гэтым ад выплаты збору на аснове ўзаемнасці могуць быць вызвалены пенсіянеры, інваліды і дзеці да 18 гадоў.
Таксама ўстаноўлены пералік адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак на тэрыторыі кожнага з бакоў, які вызначае памежную тэрыторыю, прылеглую да беларуска-латвійскай мяжы і якая знаходзіцца ў зоне не больш за 30 км ад яе. Калі частка такога ўтварэння знаходзіцца ў зоне ад 30 да 50 км ад мяжы, то гэта ўтварэнне таксама лічыцца часткай памежнай тэрыторыі. У адпаведнасці з пералікам, да памежных тэрыторый Віцебскай вобласці аднесены Бігосаўскі, Чапаеўскі, Сар'янскі, Асвейскі, Коханавіцкі, Белькаўшчынскі сельсаветы Верхнядзвінскага раёна, горад Верхнядзвінск; Павяцкі, Перабродскі, Даўгінаўскі, Міёрскі, Новапагосцкі, Туркоўскі сельсаветы Міёрскага раёна, горад Міёры; Друеўскі, Плюскі, Слабадзкі, Апсаўскі, Далякоўскі, Ахрэмаўскі, Межанскі, Цецярскі, Відзаўскі сельсаветы Браслаўскага раёна, горад Браслаў, пасёлак Відзы.-0-
БЕЛТА