16 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародная выстаўка мастацкіх галаграм "Галаграфія-2012. Віцебск" пройдзе ў выставачнай зале Віцебскага абласнога краязнаўчага музея з 29 чэрвеня па 19 жніўня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аргкамітэце выстаўкі. У экспазіцыі будзе прадстаўлена больш за 50 мастацкіх галаграм з 14 краін свету, у тым ліку з Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Ізраіля, Ірана, Канады, Літвы, Партугаліі, Расіі, Румыніі, ЗША, Турцыі, Украіны, Францыі. Наведвальнікі ўбачаць некалькі унікальных работ з рухомымі выявамі: касмічны карабель, рэактыўны знішчальнік, мультыплікацыйныя персанажы, марская акула, якая адкрывае пашчу пры набліжэнні наведвальнікаў, і іншыя. На выстаўцы ўпершыню будуць дэманстравацца мастацкія галаграмы, знятыя з экспанатаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. Прычым арыгінал і яго галаграфічную копію выставяць побач, каб наведвальнікі змаглі іх параўнаць. Значная частка экспанатаў (больш за 30) была створана беларускімі вучонымі і вытворцамі, што "бясспрэчна падымае прэстыж Беларусі як краіны, дзе актыўна праводзяцца навуковыя даследаванні ў найбольш перадавых і перспектыўных напрамках сучаснай навукі, дзе прымяняюцца інавацыйныя тэхналогіі і развіваецца вытворчасць навукаёмістай прадукцыі", адзначылі ў аргкамітэце. Выстаўка "Галаграфія-2012. Віцебск" - працяг першай сусветнай выстаўкі мастацкіх галаграм "Галаграфія-2011", якая з поспехам прайшла ў Мінску ў кастрычніку-снежні мінулага года, сабраўшы рэкордную колькасць наведвальнікаў - больш за 100 тыс. чалавек. Ініцыятар правядзення выстаўкі "Галаграфія-2012. Віцебск" і старшыня яе аргкамітэта - беларускі вучоны, заснавальнік мастацкай і ахоўнай галаграфіі ў Беларусі, акадэмік Міжнароднай інжынернай акадэміі, лаўрэат шэрагу прэстыжных прэмій і ўзнагарод Леанід Танін. Мастацкая галаграфія - мастацтва новага тысячагоддзя на стыку жывапісу, псіхалогіі і фізікі. Яна выклікае велізарную цікавасць у свеце, з'яўляючыся найбольш эфектыўным спосабам адлюстравання аб'ёмных выяваў на плоскай паверхні. Галаграфія знаходзіць прымяненне ў рэкламе, музейнай справе, дызайне і архітэктуры, картаграфіі, у адукацыйных праграмах і многіх іншых сферах.-0-

БЕЛТА