21 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. На тэхнічнае перааснашчэнне прадпрыемстваў накіроўваецца 52% інвестыцый Віцебскай вобласці. Аб гэтым паведаміла першы намеснік старшыні камітэта эканомікі аблвыканкама Наталля Салтановіч сёння на сумесным пасяджэнні Савета абласнога Саюза наймальнікаў і прэзідыума Віцебскага абласнога савета прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гэты паказчык з'яўляецца самым высокім у рэспубліцы, а эфектыўнасць дадзеных укладанняў пацвярджаецца высокай доляй інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб'ёме адгружанай, якая складае 27%. "У цяперашні час многія прадпрыемствы адчуваюць напружанасць у фінансаванні мерапрыемстваў па далейшым тэхпераўзбраенні, аднак прыпыняць гэту працу нельга, інакш у далейшым спатрэбіцца ў разы больш укладанняў для захавання канкурэнтаздольнасці прадукцыі", - адзначыла Наталля Салтановіч. Найбольш прымальным выхадам са становішча, што склалася, яна лічыць прыцягненне замежных інвестыцый. "Прадпрыемствам неабходна больш актыўна працаваць з інвестарамі і больш якасна арганізоўваць гэту дзейнасць, пакуль жа гэтыя магчымасці выкарыстоўваюцца недастаткова", - падкрэсліла першы намеснік старшыні камітэта.
Яшчэ адным недахопам у рабоце па павышэнні долі інавацыйнай прадукцыі Наталля Салтановіч назвала слабую сувязь прадпрыемстваў і навуковых устаноў. Павысіць эфектыўнасць супрацоўніцтва, на яе думку, дапаможа стварэнне спецыяльнага інтэрнэт-рэсурсу для інфармацыйнага ўзаемадзеяння вытворцаў і навукоўцаў, на якім яны змогуць пазначаць свае патрэбы, прапаноўваць распрацоўкі, абменьвацца думкамі.
У цэлым прадпрыемствы павінны больш праяўляць ініцыятывы і манеўранасці ў рабоце, заключыла Наталля Салтановіч.
У мерапрыемстве, прысвечаным павышэнню канкурэнтаздольнасці прадпрыемстваў вобласці на аснове інавацыйнага і інвестыцыйнага развіцця, а таксама ўмацаванню сувязі навукі з вытворчасцю, прынялі ўдзел больш за 40 кіраўнікоў прадпрыемстваў вобласці.-0-
БЕЛТА
Больш за 50% інвестыцый Віцебскай вобласці накіроўваецца на тэхперааснашчэнне прадпрыемстваў
21.3.20120 праглядаў