Больш за 50 камунальных і прыватных прадпрыемстваў Віцебскай вобласці рэалізуюць імпартазамяшчальныя праекты ў 2013 годзе
5.1.20130 праглядаў
5 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Імпартазамяшчальныя праекты ў 2013 годзе маюць намер рэалізаваць больш за паўсотні камунальных і прыватных прадпрыемстваў Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце эканомікі Віцебскага аблвыканкама.
Аб'ём вытворчасці імпартазамяшчальных тавараў плануецца на ўзроўні $170 млн., што на 15,2% вышэй за паказчыкі 2012 года. У рамках рэалізацыі 39 імпартазамяшчальных праектаў, па папярэдніх дадзеных, у мінулым годзе выпушчана прадукцыі на $150 млн.
Як адзначылі ў камітэце, выпуск прадукцыі, якая раней завозілася ў Беларусь, дазваляе не толькі скараціць імпарт, але і нарошчваць экспарт, што станоўча адбіваецца на сальда знешнегандлёвага абароту. Па папярэдніх дадзеных, станоўчае сальда знешняга гандлю ў 2012 годзе без уліку нафты і нафтапрадуктаў, рэспубліканскіх арганізацый у Віцебскай вобласці перавысіла $1,5 млрд. Экспартавана высокатэхналагічнай прадукцыі на суму больш за $63 млн., што амаль на 10% вышэй, чым за 2011 год.
ААТ "Полацк-Шкловалакно" упершыню паставіла на замежны рынак лёгкія дахавыя шклотканіны RATL-100, 110, 180, прадпрыемства "Белсплат" - металічныя проціпажарныя дзверы, "Завод аконных канструкцый Баравуха" адправіў на экспарт драўляныя шклопакеты, фабрыка "ЭкаДрэўМэбля" - мэблю з натуральнай драўніны. У лік навінак ад віцебскіх вытворцаў таксама ўвайшлі металагалогенныя лямпы, пражэктары і лямпы вузканакіраванага святла, элементы зборна-маналітных перакрыццяў з палегчаных матэрыялаў.
Прадпрыемствы рэгіёну працягваюць працу па дыверсіфікацыі замежных паставак. Вобласць падтрымлівае адносіны са 110 дзяржавамі. Экспарт у краіны СНД узрос за 2012 год на 16,3%, у ЕўрАзЭС - на 14,4%, у Еўрапейскі саюз - у 3 разы. Колькасць прадпрыемстваў-экспарцёраў перавысіла 700 арганізацый, а колькасць чыстых імпарцёраў скарацілася на 17 прадпрыемстваў за кошт актывізацыі продажаў кабельнай прадукцыі, сілавых установак, фітынгаў, плінтусаў з ПВХ, ветэрынарных прэпаратаў. Напалову скараціліся закупкі сокаў, безалкагольных напояў, на чвэрць - піва, сінтэтычных мыйных сродкаў - на 4,7%.
У 2013 годзе тэмп росту экспарту тавараў без уліку нафты і нафтапрадуктаў, рэспубліканскіх арганізацый прагназуецца на ўзроўні не менш за 103% да 2012 года. Прадугледжваецца рэалізацыя экспартных праектаў на прадпрыемствах "АршаКЕМбел", "БелВітуніфарм", "ГлыбокаеБіяПаліва", "БТ-Сінтез", "Глясгалл", "Завод энергетычнага машынабудавання", "Сенненскі завод будматэрыялаў", у арганізацыях ДА "Віцебскі канцэрн "Мяса-малочныя прадукты" і дзяржаўнага аб'яднання "Віцебскхарчпрам"; актывізацыя экспарту цэментна-парызаваных лістоў, вакцын інактываваных, паліўных гранул, сінтэпону, сродкаў для апрацоўкі драўніны, будаўнічых фарбаў і грунтовак, труб, фітынгаў, перахаднікоў, тары, упакоўкі з пластмас, ізаляцыйных матэрыялаў, абшыўкі кабеля, гатовых металаканструкцый.-0-
БЕЛТА