26 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за 50 школ Віцебскай вобласці маюць патрэбу ва ўстаноўцы агароджаў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок. Паводле яго слоў, у сувязі з трагічным выпадкам гібелі школьніка ў Мінску ў Віцебскай вобласці быў праведзены маніторынг усіх 535 школ рэгіёна. "Мы праверылі наяўнасць на прышкольных тэрыторыях агароджаў, турнікетаў, шлагбаўмаў і іншых загараджальных прылад, штучных няроўнасцей на пад'ездах да іх, а таксама паглядзелі астатнія пытанні, звязаныя з забеспячэннем дарожнай бяспекі. Па выніках праверкі выяўлена, што ва ўстаноўцы агароджаў маюць патрэбу 53 школы, у тым ліку дзесяць - у Віцебску, чатыры - у Наваполацку, адна - у Полацку, тры - у Оршы. Астатнія размешчаны ў сельскай мясцовасці", - распавёў Іван Шчурок. Аб'ём неабходных на гэтыя мэты сродкаў пакуль не пралічваўся, але гэтае пытанне будзе вырашацца, дадаў ён. У мэтах забеспячэння дарожнай бяспекі, павышэння ўзроўню інфармаванасці дзяцей і падлеткаў абласным упраўленнем адукацыі наладжана цеснае ўзаемадзеянне з упраўленнем ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама. Першыя веды па гэтай тэме дзеці атрымліваюць яшчэ ў старэйшых групах дашкольных устаноў, больш шырока і поўна яна вывучаецца ў школе на курсе "Асновы бяспечнай жыццядзейнасці". "Правілам паводзін на дарозе, пажарнай бяспецы, бяспецы на вадзе педагогі надаюць павышаную ўвагу ў гутарках як з вучнямі, так і з іх бацькамі. Пытанне ў тым, што бацькі, якія ў дзяцей з'яўляюцца галоўным прыкладам для пераймання, самі не заўсёды выконваюць устаноўленыя правілы", - заключыў Іван Шчурок.-0-

БЕЛТА