30 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі Віцебскай вобласці больш за 50% навучэнцаў будуць рыхтавацца па мэтавых накіраваннях, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Сяргей Каваленка. Пераарыентацыя з дагаворнай сістэмы на прыём па мэтавых накіраваннях абумоўлена перш за ўсё неабходнасцю стопрацэнтнага забеспячэння моладзі працоўным месцам і юрыдычнага замацавання гэтага абавязацельства. Прыём навучэнцаў па новым прынцыпе пачнецца ў бягучым годзе. Да гэтага часу ў сістэме прафтэхадукацыі вобласці прыярытэт аддаваўся дагаворнай аснове: першапачаткова паміж наймальнікам і ўстановай адукацыі заключаўся двухбаковы дагавор аб падрыхтоўцы рабочага пэўнай кваліфікацыі. На 2-3 курсе навучання ён перазаключаўся на трохбаковы: у ланцужок уваходзіў ужо і сам навучэнец. Мінусам такой сістэмы з'яўляецца адсутнасць юрыдычнай адказнасці наймальніка за парушэнне дагавора. "На жаль, у нас ёсць факты, калі перад размеркаваннем наймальнікі адмаўляліся ад выпускнікоў", - канстатаваў Сяргей Каваленка. Ён падкрэсліў, што мэтавае накіраванне з'яўляецца гарантам правоў маладога чалавека на працоўнае месца, хоць і накладвае як на яго, так і на наймальніка больш абавязкаў. Яшчэ адной значнай перавагай навучання па мэтавым накіраванні для навучэнцаў намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі назваў гарантаванае месца вытворчай практыкі. "Важна, каб малады чалавек адшліфаваў прафесійныя навыкі там, дзе ў будучыні плануе працаваць. Гэта дасць яму магчымасць адразу ж годна канкурыраваць на рынку працы, а наймальніку - атрымаць пасля навучання 100-працэнтна гатовага да працы на яго прадпрыемстве маладога спецыяліста, які не патрабуе дадатковых часавых і матэрыяльных затрат на набыццё неабходных навыкаў", - дадаў Сяргей Каваленка. У гэтым годзе ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі Віцебскай вобласці закончаць 6,5 тыс. чалавек, набор на новы тэрмін навучання складзе 4,4 тыс. выпускнікоў школ.-0-

БЕЛТА