Патрыятызм закладзены ў характары беларусаў і падымае людзей на гераічную вышыню, калі Радзіма апыняецца ў небяспецы.

Патрыятызм закладзены ў характары беларусаў і падымае людзей на гераічную вышыню, калі Радзіма апыняецца ў небяспецы. Такое меркаванне сёння на ўрачыстай цырымоніі прыняцця ваеннай прысягі навабранцамі 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады агучыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін.

 

Кіраўнік паўночнага рэгіёну падкрэсліў, што прыняцце ваеннай прысягі – не проста даніна традыцыі, а аснова служэння грамадству, дзяржаве, народу і клятва быць сумленным і прынцыповым пры выкананні воінскага абавязку. "Патрыятызм – у нашым характары. І мы ведаем, на якую гераічную вышыню ён падымае людзей, калі Радзіма ў небяспецы. Нашы суайчыннікі не раз супрацьстаялі розным пагрозам, замахам на незалежнасць дзяржавы. Ваеннаслужачыя дапамагалі адстаяць свабоду краіны, перамагалі не толькі сваёй вывучкай, сілай зброі, але і цвёрдасцю духу, вялікай любоўю да Айчыны. Абарона Айчыны, гатоўнасць прыйсці на дапамогу баявому таварышу заўсёды мацнейшыя за любыя выпрабаванні", – сказаў Аляксандр Субоцін.

Ён нагадаў, што воіны 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады з'яўляюцца правапераемнікамі і годнымі прадаўжальнікамі слаўных баявых традыцый 103-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі, салдаты і афіцэры якой удзельнічалі ў баявых дзеяннях па разгроме нямецка-фашысцкіх войскаў у Венгрыі, Аўстрыі і Чэхаславакіі. Таксама гонарам і легендай стаў іх подзвіг пры выкананні інтэрнацыянальнага доўгу ў Афганістане. "Гісторыя і рэаліі паказваюць: толькі разам, сумесна можна супрацьстаяць выклікам і пагрозам сучаснага глабальнага свету. Толькі моцная дзяржава, якая валодае баяздольнай арміяй, можа забяспечыць суверэнітэт, свабоду і незалежнасць. Сёння 103-я брыгада ўяўляе сабой зладжаны, высокамабільны арганізм, які вырашае ў мірны час унікальныя па спецыфіцы і складанасці задачы. Менавіта таму так глыбокая мера адказнасці асабовага складу злучэння і настолькі сур'ёзныя патрабаванні да вынікаў службы", – дадаў кіраўнік Віцебскай вобласці.