7 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за 600 чалавек эвакуіраваны з-за пажару ў Расонскай сярэдняй школе, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар УМНС Марына Фандо. Паведамленне аб узгаранні ў трохпавярховым будынку Расонскай сярэдняй школы імя П.М.Машэрава паступіла ў Расонскі аддзел па НС сёння ў 08.00. Да месца выкліку выехалі 4 падраздзяленні МНС. Сумесна з адміністрацыяй школы была праведзена эвакуацыя 575 дзяцей і 36 выкладчыкаў. У выніку здарэння ніхто са школьнікаў і выкладчыкаў навучальнай установы ад апёкаў і атручвання чадным газам не пацярпеў. У будынку школы задымлены сцены. "Аднак пасля правядзення праветрывання навучальны працэс можна будзе аднавіць, яго затрымка складзе 1,5 гадзіны", - адзначыла Марына Фандо. Па папярэдніх даных, прычынай узгарання стала неасцярожнае абыходжанне з агнём неўстаноўленай асобы, у выніку дзеянняў якой адбылося ўзгаранне складзенай макулатуры.-0-

БЕЛТА