30 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за 7 млн дрэў пасаджана падчас акцыі "Тыдзень лесу" у Віцебскай вобласці, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце Віцебскага абласнога вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання (ВВА) Марыя Усава. Усяго з 21 па 28 красавіка ў вобласці праведзена пасадка культур на плошчы звыш 1 тыс. га і дапаўненне лесу на плошчы 300 га. Прыведзены ў належны санітарны стан участкі ў прыдарожных палосах і вакол населеных пунктаў на тэрыторыі 310 га. Акрамя работнікаў лясной гаспадаркі, у акцыі прынялі ўдзел каля 6,5 тыс. добраахвотнікаў - школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў, работнікаў шэрагу прадпрыемстваў і арганізацый, актывістаў БРСМ і прадстаўнікоў мясцовых органаў улады. Падчас акцыі былі закладзены алеі ў гонар 130-годдзя з дня нараджэння беларускіх класікаў Якуба Коласа і Янкі Купалы. Адна з іх з'явілася ў Копыскім лясніцтве Аршанскага лесхоза, паблізу якога размешчаны літаратурны музей Янкі Купалы. У гэтым доме (былой канторы лясніцтва) летам 1935 года Янка Купала жыў некаторы час у сям'і ляснічага Шыманскага, пакуль будавалася дача знакамітага пісьменніка. Другая алея закладзена ў Талачынскім лясніцтве Талачынскага лесхоза, на тэрыторыі якога знаходзіцца вёска Сані, звязаная з імем Якуба Коласа: у маладосці ён выкладаў тут у прыватнай школе.-0-

БЕЛТА