24 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за 90 бацькоў аштрафаваны ў Віцебскай вобласці з пачатку года за начныя шпацыры іх дзяцей без суправаджэння дарослых, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА памочнік пракурора Віцебскай вобласці па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Ірына Круккоўская.
Паводле яе слоў, найбольш часта гэтыя парушэнні былі адзначаны ў абласным цэнтры (17 фактаў), Наваполацку (7), Глыбоцкім раёне (7), Оршы і Аршанскім раёне (10), Полацку і Полацкім раёне (10), Лепельскім раёне (5).
Ірына Круккоўская нагадала, што з 5 верасня 2012 года ў заканадаўства Беларусі ўнесены змены, якія абавязваюць бацькоў, апекуноў, папячыцеляў суправаджаць дзяцей, што не дасягнулі ўзросту 16 гадоў, з 23.00 да 6.00 па-за домам або забяспечваць іх суправаджэнне дарослымі асобамі. За невыкананне гэтых абавязкаў у адпаведнасці са арт. 17.13 КААП РБ прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе папярэджання або накладання штрафу ў памеры да 2 базавых велічынь (адна базавая велічыня ў цяперашні час роўная Br100 тыс.). У выпадку паўторнага парушэння на працягу года памер штрафу складзе ад 2 да 5 базавых велічынь.
"З прыходам доўгачаканай вясны ўсё часцей увечары можна сустрэць на вуліцах маладых людзей, якія праводзяць час у кампаніі аднагодкаў. Маладосці ўласціва бестурботнасць, але аб адказнасці за выхаванне дзяцей і забеспячэнні іх бяспекі не павінны забываць бацькі. Памятайце пра гэта, паважаныя дарослыя, адпускаючы дзяцей на вуліцу, з'язджаючы, у тым ліку на дачныя ўчасткі, і пакідаючы іх без нагляду", - падкрэсліла Ірына Круккоўская.-0-