У Беларусі падчас навагодніх і калядных святаў сёлета запланавана правесці больш за 900 кірмашоў, а таксама каля 16,5 тыс. розных мерапрыемстваў у сферы гандлю. Пра гэта паведаміў сёння ў прэс-цэнтры БЕЛТА начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі Міхаіл Жыгала, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Падчас калядных і навагодніх святаў па Беларусі запланавана правядзенне больш за 900 кірмашоў, а таксама каля 16,5 тыс. мерапрыемстваў, накіраваных на стымуляванне спажывецкага попыту. З 16 снежня ў Мінску і рэгіёнах Беларусі пачнуць працу больш за 1,1 тыс. ёлачных базараў", - сказаў Міхаіл Жыгала.
Кошт натуральных елак будзе залежаць ад вышыні дрэва: мінімальны кошт складзе Br5,83.
У перадсвяточныя і святочныя дні па ўсёй Беларусі будуць падоўжаны рэжымы працы гандлёвых аб'ектаў, аб'ектаў грамадскага харчавання і сферы паслуг. Суб'екты гандлю ўзгадняюць і фарміруюць з вытворцамі асартымент тавараў з каляднай і навагодняй тэматыкай, падарункаў, сувеніраў і ёлачных упрыгожванняў.
Кандытарскія фабрыкі, якія ўваходзяць у склад канцэрна "Белдзяржхарчпрам", да канца бягучага года вырабяць 2 млн 100 тыс. штук салодкіх навагодніх падарункаў. Пакупнікам ужо прапанавана да 50 найменняў кандытарскіх падарункаў айчыннай вытворчасці вагой ад 300 г да 3 кг. Адпускныя цэны на такі від тавараў ад вытворцаў складуць ад Br3,67 да Br65.
Арганізаваны прыём заказаў на абслугоўванне перадсвяточных і навагодніх мерапрыемстваў, карпаратываў і ранішнікаў. Па словах прадстаўніка Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, арыенціровачны кошт такога тыпу мерапрыемстваў застанецца практычна на ўзроўні мінулага года і складзе ў сярэднім па дзіцячых ранішніках ад Br27, па карпаратыўных мерапрыемствах ад Br40.-0-