Традыцыйнае абласное навагодняе свята сабрала ў канцэртнай зале «Віцебск» больш за 950 дзяцей ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў з розных куткоў паўночнага рэгіёну.
Удзельнікамі мерапрыемства сталі выдатнікі вучобы, кадэты, пераможцы творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў, актывісты, дзеці з прыёмных і шматдзетных сем'яў.
Для іх арганізатары свята падрыхтавалі мноства гульнявых і навагодніх пляцовак, фотазон, забаўляльных лакацый, майстар-класаў.
Дзевяцікласнік Гарадоцкай сярэдняй школы № 2 г. імя А.Собалеўскага Трафім Прэснякоў, актыўны ўдзельнік прадметных алімпіяд:
- Мяне ўпершыню запрасілі на такое маштабнае свята і мне тут вельмі падабаецца. Мы ўжо паглядзелі некалькі выступленняў, пафатаграфаваліся ў навагодніх фотазонах і з нецярпеннем чакаем мюзікл. Настрой святочны, а атмасфера проста чароўная!
Па традыцыі Цэнтр культуры «Віцебск» падрыхтаваў да навагодняга свята прадстаўленне. На гэты раз - гэта навагодні мюзікл «Цуды без чараўніцтва».
Удзельнікаў свята павіншаваў кіраўнік вобласці Аляксандр Субоцін.
- Сёння ў зале насамрэч няма ніводнага дарослага. Нягледзячы што мне ўжо 48 гадоў, я так жа як і вы чакаю чараўніцтва, падарункаў і выканання жаданняў. Жадаю вам, каб усе праблемы і нягоды засталіся ў 2024 годзе, а ў 2025-м вас чакала толькі шчасце, радасць, новыя перамогі, знаёмствы, сябры і толькі станоўчыя эмоцыі. Няхай у вашых сем'ях у наступаючым годзе будзе ўсё добра! З надыходзячым Калядамі і Новым годам!