8 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за Br1 трлн. накіравана за 2011 год у Віцебскай вобласці на энергазберагальныя мерапрыемствы. Пра гэта паведаміў сёння на адкрыцці IX Міжнароднай выстаўкі-канферэнцыі "Энергарэсурсазберагальныя тэхналогіі, абсталяванне і матэрыялы" першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Навацкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Пытанне энергазберажэння з'яўляецца прыярытэтным у рабоце ўсіх галін эканомікі рэгіёна. Пільную ўвагу да яго, значны аб'ём інвестыцый дазволіў вобласці годна выканаць намечаныя паказчыкі ў сферы энергазберажэння. Так, мэтавы паказчык па энергазберажэнні пры заданні мінус 6% склаў мінус 8,5%. Спажыванне мясцовых відаў паліва (МВП) у паліўна-энергетычным балансе рэгіёна ўзрослі да 19,5%. Пры гэтым значны ўклад унесла сістэма жыллёва-камунальнай гаспадаркі: удзельная вага спажывання МВП у гэтай сферы ў Віцебскай вобласці па выніках 2011 года склала 52%. "Такім чынам, удалося многае выканаць, але яшчэ больш трэба", - падкрэсліў Уладзімір Навацкі, адзначыўшы, што ўкараненню новых энергазберагальных тэхналогій у рэальны сектар эканомікі спрыяе правядзенне такіх мерапрыемстваў, як выстаўка, што праходзіць сёння. Штогод колькасць удзельнікаў канферэнцыі павялічваецца. У гэтым годзе праекты і распрацоўкі прадставілі больш за 60 прадпрыемстваў і арганізацый з рэгіёнаў Беларусі, а таксама прадстаўніцтвы прадпрыемстваў з Расіі, Германіі, Фінляндыі. Удзельнікамі форуму сталі кіраўнікі і спецыялісты прадпрыемстваў, якія прадстаўляюць прамысловасць, будаўніцтва, энергетыку, жыллёва-камунальную гаспадарку, навукова-даследчыя і навучальныя ўстановы Віцебскай вобласці і іншых рэгіёнаў Беларусі, прадстаўнікі органаў улады і кіравання, суб'екты гаспадарання, зацікаўленыя ва ўкараненні энергарэсурсазберагальных тэхналогій. Арганізатарамі форуму выступаюць Віцебскі аблвыканкам, камунальнае кансалтынгавае унітарнае прадпрыемства (ККУП) "Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу", Віцебскае абласное ўпраўленне па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў. Мэта выстаўкі - азнаёміць кіраўнікоў і спецыялістаў суб'ектаў гаспадарання з навінкамі ў сферы энергарэсурсазберажэння, прадставіць сучасныя энергарэсурсазберагальныя тэхналогіі, матэрыялы і абсталяванне.-0-

БЕЛТА