28 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за Br1 трлн. плануецца накіраваць на фарміраванне культурна-гістарычнага цэнтра Полацка. Аб гэтым паведаміў сёння старшыня Полацкага гарвыканкама Аляксандр Пазняк на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама, на якім разглядалася канцэпцыя развіцця інфраструктуры ў раёне Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра і Сафійскага сабора Полацка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Агульная плошча культурна-гістарычнай зоны Полацка займае 120 га, а яе галоўныя славутасці - Сафійскі сабор і Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр - з'яўляюцца жамчужынамі беларускай культуры, якія прыцягваюць увагу турыстаў з усяго свету. Для знаёмства з імі штогод горад наведваюць каля 1 млн. чалавек. "Між тым усёй тэрыторыяй гэтай зоны па сённяшні дзень застаецца запушчанай. Збянтэжанае ўражанне робіць прылеглы прыватны сектар. Няма зоны адпачынку, вольнага часу. З-за адсутнасці паўнавартаснага комплексу турыстычных паслуг, прывязаных да гэтых аб'ектаў, візіты турыстаў носяць кропкавы і кароткачасовы характар, а Полацк губляе значны даход", - канстатаваў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец.
У корані змяніць сітуацыю дапаможа канцэпцыя развіцця інфраструктуры ў раёне Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра і Сафійскага сабора, якая распрацоўваецца і ўключае аднаўленне сцежкі Еўфрасінні Полацкай уздоўж ракі Полаты, стварэнне Патрыяршых сажалак, гандлёвых радоў, гасцініцы і домікаў для паломнікаў, зон вольнага часу і аб'ектаў харчавання, аглядныя пляцоўкі. Плануецца аднавіць абаронныя вежы, пабудаваць бізнес-цэнтр і іншыя аб'екты. "Рэалізацыя праекта дазволіць значна павысіць турыстычную прывабнасць Полацка і надасць магутны імпульс сацыяльна-эканамічнаму развіццю горада", - выказаў упэўненасць губернатар, абазначыўшы тэрмін выканання праекта - два гады. "Выканаць усе намечаныя задачы за гэты час рэальна. Аднак прыкласці намаганні да гэтага павінны ўсе: кіраўнікі мясцовых органаў улады і прадпрыемстваў, гараджане. Актыўна трэба прыцягваць да рэалізацыі праекта інвестараў, а да распрацоўкі канцэпцыі - студэнтаў, якія могуць прапанаваць шмат цікавых і годных ідэй", - падкрэсліў Аляксандр Косінец.
Работа над змяненнем аблічча гістарычнай зоны Полацка пачнецца ўжо ў бліжэйшы час з добраўпарадкавання ракі Полаты і прылеглых да Сафійскага сабора і Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра тэрыторый. Паралельна ў сціснутыя тэрміны будзе весціся распрацоўка неабходнай праектна-каштарыснай дакументацыі. Цалкам рэалізаваць праект неабходна да канца 2013 года, заключыў Аляксандр Косінец.
"Полацк - духоўная жамчужына Беларусі, таму важна выкарыстоўваць гэта значнае гістарычнае месца максімальна эфектыўна для развіцця ўнутранага і ўязднога турызму. Для гэтага неабходна стварыць поўны комплекс паслуг", - падкрэсліў прысутны на пасяджэнні першы намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Рыгор Касячэнка. Міністэрства спорту і турызму акажа падтрымку ў рэалізацыі гэтага праекта. Першы намеснік міністра таксама адзначыў, што сёння ў Віцебскай вобласці намечана станоўчая тэндэнцыя развіцця турызму. Гэта адзіны рэгіён, які выканаў у 2011 годзе паказчык па росце экспарту турыстычных паслуг: пры плане 120% ён склаў 126,8%.-0-
БЕЛТА